Футбаліст: Як я мог біць байца спецназа, калі людзі з пісталетамі нападаюць?
Футбаліст ФК "Ашмяны" Сяргей Булынёнак пракаментаваў прэс-рэліз МУС, прысвечаны "дамоўным" матчам і абставінам яго затрымання. Як паведамляла Еўрарадыё, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 5 ліпеня заявіла пра выкрыццё злачыннай схемы "дамоўных" гульняў у футбольным чэмпіянаце нашай краіны. У склад злачыннай групы ўваходзілі 6 грамадзян Беларусі і 1 — Украіны. Распачатая крымінальная справа.
З'яўленню прэс-рэліза МУС папярэднічалі матэрыялы ў СМІ пра збіццё праваахоўнікамі ў масках футбаліста "Ашмян" Сяргея Булынёнка. Было апублікаванае яго фота са збітым тварам. Па версіі МУС, ён адмовіўся выйсці з аўтамабіля і "некалькі разоў нанёс удар нагамі ў грудзі супрацоўніку спецпадраздзялення". Таму да яго і ўжылі фізічную сілу. Больш таго, цяпер дзеянням футбаліста збіраюцца даць "прававую ацэнку". Па дзяржаўных тэлеканалах увечары 5 ліпеня прадстаўнікі МУС гаварылі, што Булынёнак правяраецца на датычнасць да магчымай арганізацыі "дамоўных" матчаў.
"Я ў шоку. Нават няма слоў..., — гаворыць футбаліст "Ашмян" у каментары парталу tut.by пасля з'яўлення прэс-рэлізу МУС. — Уявіце, як я мог біць супрацоўніка спецназа, калі людзі з пісталетамі нападаюць? Што я мог бы ім, узброеным, зрабіць?". Булынёнак яшчэ не вырашыў, як ён будзе рэагаваць на версію Міністэрства ўнутраных спраў.