Гендырэктара БелАЗа судзяць у Мінску, яму пагражае да 15 гадоў
Сяргей Нікіфаровіч
У судзе Ленінскага раёна Мінска пачынаецца працэс над 45-гадовым былым гендырэктарам БелАЗа Сяргеем Нікіфаровічам. Яго арыштаваў КДБ у снежні 2023-га. Прычым афіцыйныя СМІ праігнаравалі арышт дырэктара буйнога прадпрыемства і чалавека з кадравага рэзерву Лукашэнкі.
Як піша "Наша Ніва", судзяць Нікіфаровіча па абвінавачанні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК). Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.
Па справе праходзяць яшчэ два чалавекі. Юрый Шустэр працаваў начальнікам бюро пакупнога інструмента інструментальна-штампавой вытворчасці БелАЗа. Ён працаваў на заводзе з 1983 года.
Таксама па справе праходзіць Андрэй Аляксандравіч Даронін. Чалавек з такім імем быў намеснікам гендырэктара БелАЗа да 2017 года. Тады яго арыштавалі за карупцыю і прысудзілі да 7,5 года зняволення. Пра далейшы яго лёс нічога не вядома.
Цікава, што Нікіфаровіч стаў гендырэктарам БелАЗа ў верасні 2020-га. Перад тым ён працаваў у кіраўніцтве пінскага "Кузлітмаша", які ўваходзіць у холдынг БелАЗа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.