Гігін: Усебеларускі народны сход маглі ператварыць у "агульнанародны фронт"
Улада разглядала тры варыянты будучага статусу Усебеларускага народнага сходу. Пра гэта заявіў дэкан філасофскага факультэта БДУ Вадзім Гігін у эфіры "Альфа Радыё".
Па яго словах, падчас падрыхтоўкі былі два варыянты, ад які арганізатары адмовіліся.
Адна прапанова — зрабіць УНС нейкім надпарламентам, кшталту З'езда народных дэпутатаў СССР, які прайшоў у 1989 годзе. УНС магло быць падобна да гэтага З'езду народных дэпутатаў з паўнавартаснымі выбарамі.
Другая ідэя — ператварыць УНС у штосьці кшталту агульнанароднага фронту. Але і гэтая прапанова не прайшла.
"УНС праходзіць у досыць традыцыйнай форме, але з перспектывай трансфармацыі. Прэзідэнт пазначыў, што гэта за ператварэнне. УНС можа стаць пляцоўкай з сур'ёзнымі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі і гарантыяй пераемнасці ўлады. Будуць выбары, паўнавартасныя, адкрытыя, свабодныя і дэмакратычныя. Але раптам, як казаў прэзідэнт, на гэтых выбарах перамогуць праціўнікі цяперашняга палітычнага рэжыму. Як прадухіліць звядзенне рахункаў? Як не дапусціць развалу таго добрага, што было ў нашай краіне? Для гэтага і спатрэбіцца Усебеларускі народны сход, у якога будуць пэўныя канстытуцыйныя паўнамоцтвы", — цытуе словы Гігіна "Беларускі партызан".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.