Гісторыі пасажыраў "Тытаніка", якія былі родам з Беларусі

"Тытанік"
"Тытанік" / Public Domain / каларызацыя Еўрарадыё

Гісторыя "Тытаніка" зноў прыцягнула да сябе ўвагу праз 111 гадоў — пасля трагедыі з батыскафам "Тытан": група турыстаў хацела паглядзець на тое, што засталося ад легендарнага лайнера, але загінула.

Ці ведалі вы, што сярод пасажыраў "Тытаніка" былі тыя, хто нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Расказваем, што пра іх вядома.
 

Сям'я з Віцебска, хацелі вучыцца на дактароў

Сінай і Мірыям Кантар нарадзіліся ў Віцебску. На момант катастрофы "Тытаніка" яму было 34, ёй — 25.

Лічыцца, што абое ўжо мелі адпаведную адукацыю, але хацелі працягнуць яе ў ЗША. Мірыям цікавілася стаматалогіяй, а Сінай планаваў пайсці ў лякарню суставаў, якая знаходзілася ля іх магчымага будучага дома ў Нью-Ёрку. У мужчыны ў Віцебску быў невялікі бізнес.

Падчас катастрофы на "Тытаніку" Сінай загінуў. Мірыям выратавалася, неўзабаве атрымала амерыканскае грамадзянства і стала Мэры. Далейшы яе лёс невядомы.

Цела Сіная знайшлі, яго пахавалі ў Нью-Ёрку. У 2018-м яго гадзіннік прадалі на аўкцыёне за 57,5 тысячы долараў.
 

Дзяўчына з Магілёва, якая плыла да брата

Сярод пасажыраў, якія выжылі пасля крушэння "Тытаніка", ёсць Джэні Дропкін — яна нарадзілася 20 чэрвеня 1887-га ў Магілёве ў габрэйскай сям'і. Імя Джэні стаіць у амерыканскіх дакументах. Магчыма, пры нараджэнні імя было іншае.

Яе старэйшы брат Аўраам эміграваў у ЗША яшчэ ў 1907-м, і яна ехала да яго. Перад пасадкай на лайнер дзяўчына трохі пабыла ў Лондане, дзе таксама жылі яе родныя.

Гісторыі пасажыраў "Тытаніка", якія былі родам з Беларусі
Джэні Дропкін з мужам / Titanic International Society / калаж Еўрарадыё

Яна выжыла пасля трагедыі, прыехала ў ЗША, праз год выйшла замуж за ўраджэнца Даўгапілса. У іх было некалькі сыноў. Памерла Джэні грамадзянкай ЗША ў 1951-м.
 

Эмігрант, які наведваў родных

Саламону Баневеру ў 1912-м было 42. На той час ён ужо даўно жыў у ЗША, але завітаў у Еўропу пабачыць родных. Нарадзіўся мужчына ў Вільні і пазначаў у дакументах горад польскім варыянтам — "Wilno". Гэта не тэрыторыя сучаснай Беларусі і не беларускае напісанне, але згадваем яго праз гістарычную блізасць і праз тое, што ў пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні вельмі актыўнай была беларуская суполка. Так бы мовіць, бонусам.

Гісторыі пасажыраў "Тытаніка", якія былі родам з Беларусі
Ратаванне з "Тытаніка" / U.S. National Archives / каларызацыя Еўрарадыё

"10 красавіка, у свой дзень нараджэння, ён сеў на "Тытанік" у Саўтгемптане як пасажыр другога класа (нумар білета 211535 за 13 фунтаў стэрлінгаў). Саламон Баневер загінуў падчас затаплення, і цела, калі яго і знайшлі, так і не было апазнанае", — паведамляе "Encyclopedia Titanica".
 

І беларус, які дапамагаў даведацца пра катастрофу

З катастрофай "Тытаніка" звязаны яшчэ адзін беларус — Давід Сарноў (David Sarnoff). Ён нарадзіўся ў вёсцы Узляны (Пухавіцкі раён) і ў дзяцінстве перабраўся з сям'ёй у ЗША. Калі вырас — пачаў працаваць у тэлеграфнай кампаніі.

У ноч катастрофы, 14 красавіка 1912-га, калі яму быў 21 год, Давід прыняў радыётэлеграму пра крушэнне лайнера "Тытанік" і трое сутак падтрымліваў сувязь з ратавальнікамі: дапамагаў атрымліваць інфармацыю пра тых, хто выжыў і загінуў, і паведамляць яе свету.

Потым Сарноў шмат уклаў у стварэнне рэгулярнага тэлевяшчання ў ЗША, а з часам — і сістэм касмічнай сувязі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі