Гродзенцы "сабралі ў школу" дзяцей акупаванага Расіяй Данбаса
Аляксей Талай
Гродзенцы сабралі гуманітарную дапамогу для дзяцей Данбаса і жыхароў Курскай вобласці РФ. Ініцыятыва зыходзіла ад Беларускага саюза жанчын. Заплечнікі і канцылярскія прыналежнасці перадалі на акупаваныя Расіяй тэрыторыі ў рамках акцыі "Збяром дзяцей у школу", заўважыла выданне Hrodna.life.
Таксама БСЖ вырашыў дапамагчы жыхарам Курскай вобласці, дзе цяпер праводзяць аперацыю ўкраінскія войскі. Арганізацыя падрыхтавала перавязачныя матэрыялы, якія праз фонд Аляксея Талая перададуць жыхарам Курска.
У 2020 годзе цяперашняя кіраўніца гродзенскага аддзялення БСЖ Ірына Луканская была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Яна ўдзельнічала ў сустрэчы пратэстоўцаў і прадстаўнікоў улады — тады дыялогу не атрымалася, а чыноўнікі фактычна адмовіліся абмяркоўваць патрабаванні актывістаў па сутнасці.
У 2023 годзе Аляксей Талай, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза за падтрымку вайсковай агрэсіі ва Украіне, тры разы прыязджаў у Гродна. Прапагандыст аб'явіў "тэрміновы збор дапамогі дзецям Данбаса" і прасіў гродзенцаў прыносіць прысмакі і сродкі асабістай гігіены.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.