Грузінскі суд упершыню часткова задаволіў скаргу беларуса на адмову ў прытулку

Раман Кісляк / "Позірк"
Тбіліскі гарадскі суд часткова задаволіў скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову ў прытулку.
"Як я зразумеў са слоў адваката, Дэпартамент міграцыі МУС павінен паўторна разгледзець маю справу", — расказаў беларускі палітуцякач у каментары "Позірку".
Як заявіў Кісляк, суд меркавана не задаволіў яго патрабаванне выдаць новы адміністрацыйна-прававы акт пра статус уцекача. Апошняе пасяджэнне суда па скарзе беларуса прайшло 19 сакавіка, пасля гэтага суддзя ўзяла тыдзень на вынясенне рашэння.
Праваабаронца падкрэсліў, што гэта першы выпадак для беларусаў Грузіі, калі скаргу на адмову ў прытулку задавальняюць хаця б часткова. Наконт сваіх далейшых дзеянняў Кісляк вызначыцца бліжэйшым часам пасля кансультацый з адвакатам.
У 2019-2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларускіх уцекачоў аб наданні прытулку.
21 сакавіка ў Тбіліскім гарсудзе адбылося папярэдняе пасяджэнне па яшчэ адной скарзе. Былая прафесійная спартоўка, дэлегатка Каардынацыйнай рады Марына Зялёная (Калініна) абскарджае адмову Дэпартамента міграцыі МУС даць прытулак ёй і яе малалетняму дзіцяці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.