Гучную крымінальную справу могуць перагледзець у ЗША дзякуючы TikTok і Netflix
Браты Лайл і Эрык Менендэс у судзе
Пракуратура Лос-Анджэлеса вырашыла вывучыць новыя доказы ў справе братоў Лайла і Эрыка Менендэс, якіх пакаралі пажыццёвым за здзейсненае ў 1989-м забойства бацькоў. Адным з магчымых варыянтаў развіцця падзей можа быць перагляд справы ці новыя слуханні. Гэта беспрэцэдэнтная падзея, бо ўсё адбываецца пад каласальным грамадскім ціскам.
Ужо падчас першага суда браты сцвярджалі, што прычынай забойства бацькоў стаў сістэматычны сексуалізаваны гвалт з боку іх бацькі. Аднак гэта не паўплывала на судовыя слуханні (іх было два — у першым прысяжныя не змаглі прыйсці да агульнага меркавання), і ў выніку братоў прысудзілі да пажыццёвага.
Аднак кейс з братамі стаў шырока абмяркоўвацца ў TikTok. Акрамя таго, нядаўна на Netflix выйшаў серыял і дакументальны фільм пра братоў Менендэс — і хутка сталі хітамі сэрвісу. Пасля гэтага сотні тысяч чалавек пачалі патрабаваць справядлівага, на іх думку, разгляду справы.
Адначасова абарона братоў прапанавала раней невядомыя доказы: ліст, які адзін з іх пісаў сваяку і які пацвярджаў факты гвалту. А таксама заява аднаго з удзельнікаў бойс-бэнду, якія прадзюсаваў Хасэ Менендэс, аб дамаганнях.
Пад напорам грамадскай думкі пракуратура і заявіла аб вывучэнні новых фактараў. Абарона братоў Менендэс у каментарах сусветным СМІ выказвае асцярожны аптымізм і кажа, што гэтага б не было без тысяч ролікаў у TikTok і праекта на Netflix (які пры гэтым сям'я Менендэс асудзіла).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.