Хацкевіч: Задача-мінімум для зборнай у кваліфікацыі ЧС-2018 — трапіць у тройку
Задача-мінімум для футбольнай зборнай Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіянату свету 2018 года — заняць у групе месца не ніжэйшае за трэцяе. Пра гэта ў панядзелак на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў галоўны трэнер каманды Аляксандр Хацкевіч. 6 верасня на "Барысаў-Арэне" згуляюць футбольныя зборныя Беларусі і Францыі, пачатак у 21.45. Усе білеты ўжо прададзеныя.
"Мы рэальна глядзім на рэчы", — сказаў Хацкевіч. У той жа час зборная будзе змагацца за зону плэй-оф. Як вядома, у групе А акрамя Беларусі і Францыі, таксама выступяць зборныя Галандыі, Швецыі, Балгарыі і Люксембурга. У фінальную частку сусветнага першынства наўпрост выходзіць пераможца групы. Яшчэ за чатыры пуцёўкі пазмагаюцца ў стыкавых матчах восем лепшых каманд, якія занялі другія месцы ў адборачных групах.
Аляксандр Хацкевіч перакананы, што з боку французаў не можа быць ніякай недаацэнкі. Гэта пацвердзіў і галоўны трэнер французскай футбольнай зборнай Дыдзье Дэшам. "Гэта — сапернік, які дамагаўся поспехаў. Ён забівае не шмат мячоў, але можа даставіць непрыемнасці любому", — сказаў ён на прэс-канферэнцыі пра беларускую зборную. Абаронца Рафаэль Варан заявіў, што яго каманда вельмі матываваная і разлічвае пачаць турнір з перамогі, інфармуе БелаПАН.
Як стала вядома, з-за траўмы заўтра не згуляе абаронца Ігар Шытаў. Траўма і ў Ягора Філіпенкі. У зборную выклікалі Яўгена Клапоцкага з жодзінскага "Тарпеда-БелАЗ". У яго ёсць хуткасць і псіхалагічная ўстойлівасць, адзначыў Хацкевіч.