“IKEA павінная заплаціць”. Беларусы не даруюць кампаніі супрацы з рэжымам
Актывіст Пётр Маркелаў / Архіў
“IKEA павінная адказаць за супрацу з калоніямі Беларусі”, — кажа Еўрарадыё беларускі актывіст Пётр Маркелаў. Днямі хлопец правёў у чэшскай краме акцыю, за якую быў жорстка затрыманы паліцыяй.
Прычынай яе правядзення стала рэакцыя Пятра на сумеснае расследаванне нямецкіх і французскіх журналістаў. Яны напісалі, што IKEA набывала для сваіх крамаў рэчы, вырабленыя рукамі беларускіх зняволеных, у тым ліку палітвязняў.
Сярод даўніх партнёраў шведскай карпарацыі прэса выявіла тэкстыльную кампанію "Магатэкс". Мяркуецца, што яна працавала як мінімум з чатырма калоніямі папраўчага тыпу. Напрыклад, з калоніяй №15, у якой 10 месяцаў за ўдзел у пратэстах адбываў пакаранне палітзняволены Ціхан Клюкач. Паводле звестак праваабаронцаў, толькі ў кастрычніку тут налічвалася 94 "працаўладкаваныя" палітвязні.
Сама IKEA запэўнівае сваіх пакупнікоў, што не выкарыстоўвае "прымусовую працу" ці "працу зняволеных" падчас вытворчасці тавараў.
Гэтая нестыкоўка вельмі ўразіла Пятра Маркелава, які цяпер жыве і вучыцца ў Празе.
Пётр Маркелаў: Я і раней ведаў, што такое адбываецца, але не разумеў, хто прадае тое, што робяць беларускія вязні. Нашых асуджаных прымушаюць практычна бясплатна працаваць у папраўчых калоніях. За заробак, які ім выплачваюць, не купіш нават ботаў.
Таксама, займаючыся тэмай 328-га артыкула ў нашай краіне з 2018 года, я ведаю, што каля траціны вязняў у Беларусі асуджаныя за негвалтоўныя злачынствы. Напрыклад, людзі пакурылі касяк, іх пасадзілі на восем гадоў, і пасля яны працуюць гэтыя гады ўмоўна на тую ж IKEA. Вядома, мяне гэта вельмі раззлавала.
Спрабуючы зразумець, ці можна прыцягнуць кампанію за гэта да адказнасці легальна, я пачытаў законы. Даведаўся, што ёсць ініцыятывы ў Францыі, Германіі і Нідэрландах, але яны пакуль не ўступілі ў сілу. Кампаніям далі час прааналізаваць ланцужкі паставак і зрабіць высновы.
Але нельга сказаць, што IKEA нічога не ведала. Гэта велізарнае глупства і лухта. Тое, што кампанія, якая мае мільярды долараў прыбытку, супрацоўнічае з калоніямі, вядома.
Я вырашыў, што, калі пакуль IKEA нельга прыцягнуць да адказнасці легальным спосабам, можна папсаваць ёй рэпутацыю. Гэта ж зразумела, што нікому не хочацца прачынацца ў ложку ці глядзець на камоду і ведаць, што яны былі зробленыя рукамі палітычных ці іншых вязняў з Беларусі.
Еўрарадыё: Як прыйшла ідэя акцыі і што ты зрабіў?
Пётр Маркелаў: Я быў рэальна злы, таму ў ёй ёсць недапрацоўкі. Напрыклад, я не паспеў напісаць тэкст і разаслаць яго загадзя ў чэшскія рэдакцыі.
Набыў фарбу, абмежавальную стужку, сякеру, мегафон, раздрукаваў улёткі з інфармацыяй пра IKEA і з кім яна супрацоўнічае. Прыехаў у мясцовую краму.
Там, пачакаўшы, калі на паверсе не будзе дзяцей, расклаў улёткі і абмежаваў стужкай месца перфомансу. Такім чынам хацеў адразу даць сігнал, што я не маньяк і не збіраюся нікога забіваць.
Пасля я абліў фарбай і рассек сякерай дзве камоды, якія вырабілі беларускія зняволеныя. Днямі мне даслалі здымкі гэтай мэблі, якой у краме хутчэй за ўсё працягваюць гандляваць.
У мегафон я расказаў, што карпарацыя карыстаецца працай беларускіх вязняў, што гэта недапушчальна, што за гэта IKEA павінная заплаціць. Канкрэтны спосаб, якім яны могуць гэта зрабіць, я распісаў у лістах, якія адправіў менеджарам IKEA і праваабаронцам.
На маю думку, памылку можна выправіць. Няхай IKEA больш не прадае такую мэблю і заданаціць грошы беларускім праваабарончым арганізацыям, якія займаюцца сёння падтрымкаў беларускіх вязняў. Да прыкладу — у Міжнародны камітэт расследаванняў катаванняў у Беларусі, праваабарончы цэнтр “Вясна” і іншыя арганізацыі.
Еўрарадыё: Як доўга цягнулася твая акцыя і як на яе рэагавалі ў краме?
Пётр Маркелаў: Яна цягнулася каля 3-4 хвілін. Некаторыя наведнікі мяне здымалі, некаторыя адварочваліся і праходзілі далей. Я бачыў таксама і ўсмешкі, бо хтосьці слухаў і ўсё разумеў. Таксама пачуў, як адзін хлопец прайшоў і сказаў: “Мы проста хочам жыць спакойна”.
Пасля таго як я скончыў акцыю і паклаў мегафон, падышоў ахоўнік. Я падняў рукі, а ён мне ў твар пырснуў з пярцовага балончыка. Проста ў вочы. Без неабходнасці… Пэўна, чакаў такога моманту ўсю сваю кар’еру. Не так часта ахоўнікам IKEA даводзіцца прымяняць сілу. Яму не тое каб давялося. Проста ён захацеў і зрабіў гэта.
Калі я прыйшоў у сябе, то пабачыў, што нейкі чалавек сабраў улёткі, якія я там расклаў. Некалькі не заўважыў, а вось паліцыя іх бачыла. Яна прыехала хвілін праз дзесяць.
Еўрарадыё: Як паводзілі сябе супрацоўнікі паліцыі?
Пётр Маркелаў: Затрымлівалі брутальна. Я да гэтага часу не магу нармальна рухаць кісцямі рук. Вядома, можна сказаць, што ў мяне была сякера, гэта небяспечна, але не ў маёй сітуацыі.
Сякера, якой я нікому не пагражаў, ляжала за дзесяць метраў ад мяне. Наадварот, падчас акцыі я паказваў усім і казаў, што не збіраюся нікога забіваць. Калі прыехалі, не супраціўляўся. Так што мой учынак не можа быць апраўданнем гвалту, бо ёсць прынцыпы неабходнасці і прапарцыйнасці пры затрыманні.
Мяне паклалі тварам у падлогу, начапілі ззаду кайданкі і пасля цягнулі з такой сілай, што пашкодзілі мне рукі. Білі і пры гэтым казалі, што могуць ужыць сілу, калі буду супраціўляцца, але я нават ісці з рукамі ў кайданках ззаду сам нармальна не мог. Ніякай неабходнасці так рабіць не было, гэта садызм.
Чаму яны так рабілі? Пабачылі што з Беларусі. Усё, беларус для іх — гэта недачалавек. Яго можна біць, рабіць з ім усё што заўгодна. Па вялікім рахунку, я мог бы падаць на іх у суд, але не буду марнаваць свой час на паліцыю. Чэшскі “амап”..
Дарэчы, пасля яны напісалі ў свой Твітар лухту, маўляў, я проста хацеў прыцягнуць да сябе ўвагу. Пры гэтым яны пыталіся і я наўпрост адказваў, што акцыя скіраваная на тое, каб прыцягнуць увагу да таго, што IKEA выкарыстоўвала рабскую працу ў беларускіх калоніях, і прымусіць кампанію заплаціць за гэта.
У пастарунку я сядзеў каля шасці гадзін. Мне не давалі вады. Калі прыехала перакладчыца, мы паразмаўлялі са следчым, падрыхтавалі тлумачальную запіску да пракурора, які вырашыць, што рабіць. Спадзяюся, што абмяжуюцца штрафам.
Muže se sekerou, který demoloval nábytek a pak ho poléval červenou barvou v nákupním domě na Zličíně, před pár okamžiky zadrželi policisté. Nikdo není zraněný a podle všeho se jedná o muže, který chtěl takto na sebe upozornit. #policiepha pic.twitter.com/7qvCyIf9te
— Policie ČR (@PolicieCZ) November 18, 2022
Еўрарадыё: Што збіраешся рабіць далей?
Пётр Маркелаў: Буду далей пісаць лісты і дамагацца, каб IKEA прызнала сваю памылку. Яны ўжо недзе і прызналі, сказаўшы, што паслугамі з Беларусі не карыстаюцца з 2021 года. ОК, дзякуй. Таксама добра, што перасталі. Але і за 10 гадоў да гэтага Беларусь не была свабоднай і дэмакратычнай. Правы чалавека парушаліся. Ім гэта было вядома. Яны могуць казаць, што пра гэта не ведалі, але гэта няпраўда. Калі напісана Made in Belarus — гэта значыць, што зроблена ў Беларусі.
P.S. Як стала вядома Еўрарадыё, беларусы з Латвіі таксама арганізавалі акцыю пратэсту. Яны стылізавалі малюнкі палітвязняў пад каталог IKEA.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.