"Інтэграцыя" важнейшая: Беларусь са стратамі для сябе будуе школу ў Расіі

Будоўля ў Расіі / РІА "Новости"

Будоўля ў Расіі / РІА "Новости"

Прапаганда пратрубіла нам усе вушы пра тое, як выгадна для беларускіх прадпрыемстваў пераходзіць з заходніх рынкаў на расійскія. Маўляў, Расія вялікая — там бясконцыя замовы, грошы і прыбыткі. Еўрарадыё з дапамогай арганізацыі беларускіх сілавікоў BELPOL расказвае пра адзін такі "паспяховы" праект.

 

Зноў у школу

У чэрвені 2022 года Аляксандр Лукашэнка дамовіўся з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам, што беларусы зоймуцца будоўлямі ў рэгіёне. "Казалі пра першы станоўчы досвед: у нас беларускі бок сёння будуе школу на 825 месцаў", — "рассакрэчвае" адзін з аб'ектаў Драздзенка.

Дамова на будаўніцтва гэтай школы таксама заключаная ў 2022 годзе. Забудоўшчык — расійская фірма ТАА "Белстройцентр-МСК". А фірма, якая выконвае ўсе будаўнічыя работы, — РУП "Белбудцэнтр" пад кіраваннем Мінбудархітэктуры Беларусі.

Кошт будаўніцтва — 1 млрд 345 млн расійскіх рублёў (каля $15 млн). Каб было за што будаваць, дзяржаўны "Белінвестбанк" выдаў РУП "Белбудцэнтр" экспартны (гэта значыць, пад будучыя паступленні з-за мяжы) крэдыт на 2023-2025 гады на 1 млрд 144 млн расійскіх рублёў (каля $12,7 млн). Гэта амаль поўны кошт праекта.

 

Крэдыт са стратамі для сябе

Прычым крэдыт, пра які ідзе гаворка, атрымліваецца вельмі танны. Такі танны, што банку яго агулам было нявыгадна выдаваць.

Крэдыт намінаваны ў расійскіх рублях, але частку яго выдадуць у беларускіх. Як патлумачыла крыніца BELPOL, для часткі ў расійскіх рублях працэнты складуць дзве траціны ключавой стаўкі расійскага Цэнтрабанка. Цяпер гэта 5,6% гадавых. Для часткі ў беларускіх рублях — дзве траціны ад стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, гэта значыць, 6,3%.

“Интеграция” важнее: Беларусь в убыток себе строит школу в России
Лукашэнка і Драздзенка / president.gov.by

Удзел у "інтэграцыйным праекце" для чыноўнікаў важнейшы за грошы. А вось для банка — не. Таму для банка рыхтуецца кампенсацыя недаатрыманых працэнтаў — вядома ж, з бюджэту Беларусі.

Для кампенсацыі страт ААТ "Белінвестбанк" праз выдачу такога нярынкавага крэдыту з фактычна адмоўнай для банка працэнтнай стаўкай рыхтуецца пастанова Савета Міністраў Беларусі, згодна з якой "Белінвестбанк" атрымае з рэспубліканскага бюджэту 2,4 мільёна беларускіх рублёў [$0,79 млн. — Еўрарадыё]. Для гэтага неабходная пастанова Саўміна аб павелічэнні расходнай часткі рэспубліканскага бюджэту.

Такім чынам, за кошт беларускага бюджэту будзе фактычна часткова прафінансаваная будаўніцтва школы ў РФ, хоць маецца хранічны недахоп фінансавання будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў унутры Беларусі, — робяць выснову ў BELPOL.

Гэта прытым, што дэфіцыт беларускага бюджэту ў 2023 годзе і так запланаваны ў памеры 3173,8 млн руб.

Але рэч не толькі ў тым, што беларускім уладам трэба кроў з носу дэманстраваць паспяховую пераарыентацыю на рынкі ўсходняй суседкі. Неабходнасць такой схемы аргументуецца імкненнем "развіваць экспарт будаўнічых паслуг".

Плануецца, што РУП "Белбудцэнтр" паводле вынікаў будаўніцтва школы ў Расіі атрымае прыбытак і заплаціць падаткі ў беларускі бюджэт, што нібыта павінна кампенсаваць страты ад выплаты "Белінвестбанку". Аднак пацвярджальных разлікаў няма. Ды і падзенне курсу расійскага рубля, і бюджэтны дэфіцыт, які ў Расіі нарастае, не спрыяюць эканамічнай паспяховасці праекта.

 

Што можна было б зрабіць за 2,4 млн беларускіх рублёў

Напрыклад, частка Бешанковічаў кожны год прыкладна на шэсць месяцаў аказваецца ў ізаляцыі праз тое, што чыноўнікі шкадуюць грошай на нармальны мост. А інтэрнат у Касцюковічах для маладых спецыялістаў падобны на здзек. Рамонту там не было дзесяцігоддзямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі