Інтэрпал абвясціў у вышук беларусаў, датычных да пасадкі самалёта Ryanair

Самалёт Ryanair, ілюстрацыйнае фота
Паводле запыту Польшчы Інтэрпал выдаў чырвоныя карткі на арышт двух падазраваных у справе аб пасадцы ў 2021 годзе ў Мінску самалёта Ryanair. Запыт наконт трэцяга яшчэ разглядаецца. Пра гэта паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на прэс-сакратарку генпракурора Ганну Адамяк.
Адзначаецца, што гэты злашчасны рэйс выконваў перавозчык Buzz — польская "дачка" ірландскай авіякампаніі Ryanair.
Раней з'яўляліся звесткі, што польскі суд у верасні 2024-га завочна арыштаваў былога дырэктара "Белаэранавігацыі" Леаніда Чуро, начальніка змены Яўгена Цыганова і высокапастаўленага афіцэра КДБ Андрэя А.М. Усіх трох абвінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных двума артыкуламі Крымінальнага кодэкса Польшчы — "незаконны захоп самалёта" і "незаконнае пазбаўленне волі пасажыраў і экіпажа". Выставіць ім абвінавачванні было немагчыма, таму пракурор хадайнічаў пра запуск працэдур нацыянальнага і міжнароднага вышуку.
Самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў прымусовую пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск 23 траўня 2021 года. Беларускія ўлады заявілі пра атрыманы сігнал аб мініраванні, якое пазней не пацвердзілася. Як выявіла міжнароднае расследаванне, 23 траўня Чуро прывёў у дыспетчарскую супрацоўніка КДБ, пасля чаго пілотам перадалі фальшывую інфармацыю пра бомбу на борце і запатрабавалі прызямліцца ў Мінску. пасля гэтага беларускаія сілавікі затрымалі экс-рэдактара тэлеграм-канала NEXTA Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Соф'ю Сапега, якія ляцелі гэтым рэйсам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.