Ізраільскія СМІ: затрыманая адвакатка вяртаецца з Беларусі на радзіму

Ізраільскія СМІ: затрыманая адвакатка вяртаецца з Беларусі на радзіму

Ізраільская адвакатка Мая Райтэн-Столь, якую затрымалі ў Беларусі, ужо вяртаецца ў Ізраіль. Пра гэта паведаміў 12-ы канал ізраільскай тэлевізіі, піша ў сваім ТГ-канале гісторык Аляксандр Фрыдман.

Ён лічыць, што вызваленне Маі Райтэн-Столь — вынік тэлефоннай размовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Ізраіля Іцхакам Герцагам, якая адбылася 27 снежня. 

"Гісторыя Райтэн-Столь — пасланне Лукашэнкі краінам Захаду: у Мінску гатовыя да прамых пераагавораў пра лёс зняволеных, а тэлефанаванне самому Лукашэнку дазволіць аператыўна вырашыць праблемы. Пры гэтым, аднак, варта падкрэсліць адну важную асаблівасць: справа Райтэн-Столь не насіла палітычны характар", — падкрэслівае Фрыдман.

Мая Райтэн-Столь прыляцела ў Мінск для юрыдычнай дапамогі ізраільскаму бізнесоўцу. Пры ёй знайшлі канабіс. Жанчына тлумачыла, што гэта ёй патрэбна для медыцынскіх мэтаў і паказвала ізраільскія дакументы на дазвол. Аднак у Беларусі гэтыя дакументы не маюць сілы, таму яе пасадзілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі