"Калі бачым, што жанчына з нармальнай сям'і, угаворваем захаваць дзіця"

"Калі бачым, што жанчына з нармальнай сям'і, угаворваем захаваць дзіця"

У карэліцкай лякарні аб'яўлены месяц без абортаў: з 8 красавіка па 8 траўня жанчын, якія прыходзяць да лекараў, угаворваюць пакінуць дзіця.

"Угаворваем, праводзім бяседы, — распавядае загадчыца гінекалагічнага аддзялення Карэліцкай раённай бальніцы Ганна Жарская. — Раён маленькі, нараджальнасць слабая. Таму, калі бачым, што жанчына не з сацыяльна небяспечнай сям'і, мы праводзім максімальную працу па захаванні дзіцяці. Вось у красавіку жанчына хацела зрабіць аборт, але ўгаварылі, яна лягла на захаванне цяжарнасці. Гэта будуць яе трэція роды".

Сама Ганна Аляксандраўна пасля трагедыі ў сваёй сям'і шэсць гадоў таму адмовілася рабіць аборты жанчынам. Пазней, калі дактарам дазволілі не рабіць аборты па маральна-этычных меркаваннях, прыклад перанялі іншыя калегі. У выніку, у 2015 годзе ў Карэлічах было зроблена толькі восем, і тое медыкаментозных абортаў: яны магчымыя толькі да 12 тыдня цяжарнасці і з'яўляюцца менш шкоднымі для здароўя жанчын, чым выскабліванне.

"Калі бачым, што жанчына з нармальнай сям'і, угаворваем захаваць дзіця"

"Я працую вельмі даўно, — працягвае Ганна Жарская. — Раней пасля другога кесарава многія прасілі аб стэрылізацыі труб. Цяпер — не. У мінулым годзе не было ніводнай стэрылізацыі пасля другога кесарава. Значыць, яшчэ плануюць нараджаць".

Па словах гінеколага, часцей за ўсё жанчыны ідуць на аборт з-за няпростых матэрыяльных умоваў. А ёсць часам недарэчныя прычыны:

"Бывае, што з мужам пасварылася, і ідзе на аборт. Адгаворваем. Але цяпер вось, як раней, "заляцела" — такога няма. Людзі сталі граматнымі. Аднак матэрыяльныя прычыны граюць ролю. Маўляў, думалі нараджаць, але не пацягнем. Звычайна гаворкі пра аборт вядуцца наконт трэцяга дзіцяці. Другіх нараджаюць".

У свой час ініцыятарам акцый "Разам — у абарону жыцця" выступілі Беларуская праваслаўная царква разам з Міністэрствам аховы здароўя. І па словах галоўнага акушэра-гінеколага краіны Юліі Савачкінай, акцыі сапраўды спрыяюць змяншэнню колькасці абортаў:

"Праводзім акцыі перадабортнага кансультавання. То бок, жанчыны перад тым, як вырашыць, рабіць аборт ці не, звяртаюцца да паслуг доктара-псіхолага, акушэра-гінеколага, часам, святара. Напрыклад, у 2015 годзе ў чатырох абласцях скарацілася колькасць абортаў. Увогуле, у параўнанні з 2000-м годам, жанчыны сталі рабіць аборты ў пяць разоў менш".

"Месячнік у Карэлічах" ускалыхнуў і сацыяльныя сеткі, дзе дамінуе думка наконт права жанчын на аборт. Маўляў, адмовіцца ад аборту, а потым адмовіцца ад дзіцяці — ці гэта не большы грэх? На думку Ганны Мартыноўскай, кіраўніка камісіі БХК па абароне правоў жанчын, падобныя акцыі хоць і робяць добрую справу з аднаго боку, з іншага — пазбаўляюць жанчыну законнага права выбару:

“У нас дазволеныя аборты і таму жанчыны маюць права выбару. Калі не ўлічваць рэлігійны і маральны аспект праблемы, фармальна, падчас такіх месячнікаў парушаецца права жанчыны. Мы ж не ведаем абставін, якія прымусілі жанчыну ісці на гэта. А раптам выйдзе тэрмін, калі магчымая такая аперацыя, і што тады?”

Тым больш, статыстыка кажа, што ў Беларусі сёння 27 тысяч сацыяльных сірот...

"Нашу барацьбу за забарону і абмежаванне абортаў няправільна было б звязваць з наяўнасцю сацыяльнага і іншых відаў сіроцтва, — перакананы айцец Сергій Ляпін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы. — Гэта дзве розныя праблемы, але гэта дзве вялікія праблемы, якія трэба вырашаць з аднолькавай любоўю і клопатам".

"Калі бачым, што жанчына з нармальнай сям'і, угаворваем захаваць дзіця"
Фота: 42.tut.by

Ці лёгка жанчыны ідуць на кантакт са святарамі, калі стаяць перад выбарам пакінуць дзіця ці зрабіць аборт?

"Мы размауляем толькі з тымі, хто хоча з намі размаўляць, бо мы не можам навязвацца грамадству сілай, — тлумачыць айцец Сергій Ляпін.Але ніхто ніколі не адмовіць у размове на той падставе, што жанчына не праваслаўная ці нават няверуючая. Пытанне захавання жыцця дзіцяці не мае ніякага дачынення да рэлігійнасці яго маці. Наадварот, рэлігійнасць — гэта адзін з фактараў, які робіць гэтую размову больш перспектыўнай. Толькі і ўсяго".

Якім чынам складваюцца лёсы жанчын пасля таго, як яны паслухаліся святароў і медыкаў і нарадзілі дзіця, не заўсёды ўдаецца прасачыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі