Калі Дзяржынск быў без цяпла і вады, там узнагародзілі работнікаў водаканала

Рамонт трубаправоду ў Дзяржынску / dzr.by
19 сакавіка ў Дзяржынску супалі па часе дзве падзеі. Як паведамлялася раней, 30-тысячны горад застаўся без ацяплення і гарачай вады ў выніку парыву цэнтральных цепласетак.
У гэты ж час, як піша раённы інфармацыйны партал, у горадзе ўзнагароджвалі найлепшых работнікаў вадаканала па выніках 2024 года. Узнагароджанне прымеркавалі да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Тым часам на вуліцы Пралетарскай ішоў рамонт на цепласетках. Работы працягваліся да гадзіны ночы, пасля чаго ў кватэры дзяржынцаў вярнуліся цяпло і гарачая вада.
Пасля рамонту камунальнікі заявілі, быццам парыў на цепласетках выявілі раней. А рамонт не пачыналі, каб не пакідаць гараджан без цяпла ў халоднае надвор'е. Работы пачалі ў другой палове дня ў сераду, калі заўважна пацяплела: злілі ваду з сістэмы, падрыхтавалі да работ участак вуліцы, выразалі дэфектны элемент трубаправода, усталявалі і зварылі новы. Праўда, чаму жыхароў горада не папярэдзілі пра запланаваны рамонт, камунальнікі не патлумачылі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.