У гібелі віцяблянкі ад падзення лёду з даху дома абвінавацілі начальніцу ЖЭУ

Месца трагедыі ў Віцебску

Месца трагедыі ў Віцебску / t.me/vitebsk_region_officially/

35-гадовую віцяблянку вінавацяць у службовай халатнасці, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Яе крымінальную справу ў суд Першамайскага раёна горада накіравала пракуратура Віцебскай вобласці.

Жанчына застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Паведамляецца, што "абвінавачаная працавала на пасадзе начальніка ЖЭУ".

Гаворка ідзе пра трагічны інцыдэнт, які здарыўся 18 снежня 2023 года ў Віцебску. Тады ад падзення глыбы лёду з даху шматкватэрнага дома загінула 39-гадовая жанчына.

У пракуратуры адзначаюць, што з 15 па 18 снежня 2023 года жыхары дома па вуліцы Чарняхоўскага падавалі заяўкі ў ЖЭУ на ачыстку даху ад снегу, наледзі і ледзяшоў. Абвінавачаная дакладна ведала пра гэтыя заяўкі. Але, парушаючы патрабаванні службовай інструкцыі, ведамасныя загады і нарматыўныя прававыя акты, "яна не арганізавала працу спецыялістаў і службоўцаў ЖЭУ па ачыстцы даху дадзенага дома".

Расследаваннем крымінальнай справы займалася следчае ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Віцебскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.