КДБ: у Беларусі ўпершыню распачалі справу аб спробе захопу ўлады

КДБ: у Беларусі ўпершыню распачалі справу аб спробе захопу ўлады

У КДБ Беларусі заявілі, што ў нашай краіне ўпершыню распачалі крымінальную справу аб спробе захопу ўлады. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" распавёў начальнік аддзела следчага ўпраўлення спецслужбы Канстанцін Бычак.

"Па сутнасці, гэта была сапраўды спроба дзяржаўнага пераварота, — кажа Бычак. — ...Распачата крымінальная справа па артыкуле 357 Крымінальнага кодэксу... гэта змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам... Падобных спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было".

Начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Беларусі падкрэсліў, што прадугледжана пакаранне — ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Як вядома, у Маскве былі затрыманыя і прывезеныя ў Беларусь палітолаг Аляксандр Фядута і адвакат Юрый Зянковіч. Яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. У нашай краіне затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Аляксандра Лукашэнку. Сам Лукашэнка сцвярджае, што з удзелам амерыканскіх спецслужбаў рыхтаваўся замах на яго і выкраданне яго дзяцей. Бычак заявіў, што Зянковіч, які мае амерыканскае грамадзянства, нібыта звязаны з спецслужбамі Злучаных Штатаў. ЗША абверглі сваё дачыненне да гэтай справы.

У нядзелю ФСБ РФ апублікавала больш поўнае відэа пра затрыманне ў Маскве Фядуты і Зянковіча, пра іх сустрэчу з "беларускімі генераламі".

Што новага ў гэтым відэа? З прыведзенага выказвання Юрыя Зянковіча вынікае, што інфармацыю пра "групу партызан... са зброяй на базах" распаўсюджвалі спецыяльна, каб адцягнуць увагу і сілы спецслужбаў.

Канстанцін Бычак сцвярджае, што Зянковіч "рабіў спробы вярбоўкі і подкупу вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і праваахоўных органаў, гатовых за грашовае ўзнагароджванне ўдзельнічаць у гвалтоўным звяржэнні дзейнай улады". І што сустрэчы гэтыя задакументаваныя, у тым ліку два выпадкі перадачы грошай праз схованкі.

Тым часам эксперты і апазіцыйныя палітыкі не выключаюць, што насамрэч гэта была правакацыя, арганізаваная беларускімі спецслужбамі. Той жа Бычак сцвярджае, што аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваліся больш за паўгода. А значыць пачаліся яшчэ да таго часу, як Зянковіч, Фядута і іншыя пачалі праводзіць дыскусійныя канферэнцыі ў "зуме".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі