"Кляштар у Барунах можа напаткаць лёс Гальшанскага замку"
Фермер Іван Кунюта хоча ўратаваць будынак кляштару базыліянаў у Барунах, які мясцовыя ўлады выставілі на продаж.
Еўрарадыё: Чаму вы хочаце выкупіць будынак былога кляштару?
Іван Кунюта: У першую чаргу, таму, што будынак пакуль стаіць, але яго можа напаткаць лёс Гальшанскага замку. Той – вы ведаеце, у якім стане. Да 56-га года там была школа, а цяпер засталіся адно муры – парэшткі муроў. Тое самае можа адбыцца і з будынкам кляштара. Будзе вельмі нядобра: побач з прыгожым адрамантаваным касцёлам – руіны занядбанага будынку. Таму цяпер трэба яго закансерваваць, а можа, у будучыні з’явіцца нейкі інвестар. Можа, ён прыстасуе будынак да нейкіх карысных мэтаў.
Еўрарадыё: Сельсавет заявіў, што гатовы прадаць будынак за сімвалічныя грошы – адно, каб у новага ўладальніка былі сродкі яго адрэстаўраваць. Вы збіраецеся самі дбаць пра будынак, ці нехта вам дапаможа пачаць яго кансервацыю?
Іван Кунюта: Калі ў будынку кляштара перастала размяшчацца мясцовая школа, адказным за яго стан зрабіўся саўгас. Каб не распаўся Савецкі Саюз, дык, можа, нейкія задумы наконт будынку і былі б здзейсненыя. Там планавалася зрабіць і кавярню, і залу шлюбаў, музычную і спартыўную школы – усё, што трэба ў сяле. Гэта амаль ужо зрабілі, але ж Саюз распаўся, не стала грошай – і ўсё зноў было знішчана. Вы сабе ўяўляеце?! Столькі грошай было ўкладзена – і ўсё гэта змарнавалі...
Еўрарадыё: А якія ў вас задумы ці мары? Што б вы хацелі, каб з’явілася ў гэтым будынку?
Іван Кунюта: Можна было б яго аднавіць у тым выглядзе кляштара, як ён раней быў, выкарыстоўваць як турыстычны аб’ект. Адрэстаўраваць келлі, паказаць жыццё манахаў... Можна зрабіць кавярню – як было задумана. Адно другому замінаць не будзе. Баруны вялікія, а падсілкавацца няма дзе. А асабліва ўлетку прыязджае многа турыстаў. А знайсці сродкі... У мяне ёсць сябры, у сяброў таксама ёсць сябры. Ёсць людзі, якія маюць багата грошай – і ім баліць душа за гэты будынак. Яны гатовыя ўкласці грошы. Нешта закруціцца, калі будынак перададуць.
Еўрарадыё: Можа, пробашч касцёла ў Барунах бачыць спосаб неяк дапамагчы з аднаўленнем будынку?..
Іван Кунюта: Можа, у будучыні касцёл і дапаможа. Але цяпер у іх свае праблемы ёсць.