Колькасць ахвяр аварыі з маршруткай пад Смалявічамі павялічылася да 13 чалавек

На месцы аварыі, 20 лютага 2023-га / t.me/pressmvd/
На месцы аварыі, 20 лютага 2023-га / t.me/pressmvd/

Колькасць ахвяр аварыі з маршруткай пад Смалявічамі павялічылася да 13 чалавек. Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што, "нягледзячы на ўсе высілкі лекараў", памерлі двое пацярпелых. Іх ратавалі ў Бальніцы хуткай меддапамогі і ў Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Лекары змагаюцца за жыццё яшчэ сямі пацярпелых у аварыі.

Аварыя здарылася ў Смалявіцкім раёне ўдзень 20 лютага. У лабавым сутыкненні маршруткі і грузавіка МАЗ загінула 11 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх (ва ўзросце 13 і 14 гадоў). Кіроўца МАЗа быў затрыманы "па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства". Крымінальную справу распачалі па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб".

У панядзелак стала вядома, што памёр кіроўца маршруткі — ён адзін з двух памерлых з паведамлення Мінаховы здароўя. Спачатку лічылася, што мужчына не выжыў у ДТЗ. Аднак праз два дні Следчы камітэт паведаміў, што кіроўца знайшоўся ў бальніцы (высветлілася гэта "падчас вывучэння асоб пацярпелых"). У яго былі цяжкія траўмы, на жаль, выратаваць яго лекары не змаглі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі