Памёр кіроўца маршруткі, якая трапіла ў жахлівую аварыю пад Смалявічамі
Маршрутка пасля аварыі / t.me/pressmvd/
Памёр кіроўца маршруткі, якая трапіла ў жахлівую аварыю пад Смалявічамі, паведамілі ў прафсаюзе прафесійных перавозчыкаў. Спачатку лічылася, што ён не выжыў у ДТЗ. Аднак праз два дні СК паведаміў, што кіроўца знайшоўся ў бальніцы (высветлілася гэта "падчас вывучэння асоб пацярпелых"). У мужчыны былі цяжкія траўмы, на жаль, выратаваць яго лекары не змаглі.
Лабавое сутыкненне маршруткі і грузавіка адбылося ў Смалявіцкім раёне 20 лютага. Загінула 11 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх (ва ўзросце 13 і 14 гадоў). У СМІ былі даныя, што ў аварыі загінулі дзве шматдзетныя маці. Кіроўца МАЗа быў затрыманы "па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства". Крымінальную справу распачалі па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб".
9 пацярпелых у аварыі спачатку былі ў бальніцы ў Смалявічах. Неўзабаве іх эвакуявалі ў мінскія клінікі. Паведамлялася, што чацвёра чалавек знаходзіліся ў вельмі цяжкім стане. За іх жыццё ішла барацьба.
Праз некалькі дзён маршрутка з людзьмі трапіла ў аварыю ў Магілёўскай вобласці. Па краіне пачаліся праверкі маршрутак. Былі анансаваныя магчымыя змены правілаў дарожнага руху маршрутнага і іншага грамадскага транспарту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.