У Беларусі могуць змяніць правілы руху маршрутак
Маршрутка / bobruysk-minsk.by
У Беларусі могуць змяніць правілы дарожнага руху маршрутнага і іншага грамадскага транспарту. Пра гэта журналістам расказаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.
"Стыль кіравання кіроўцаў маршрутных таксі ў многіх выклікае пэўныя пытанні. Таму мы працуем на прафілактыку", — перадае БЕЛТА словы міністра.
Ён распавёў, што цяпер кантроль за кіроўцамі маршрутак узмоцнены. Міліцыя праводзіць рэйды, праверкі з удзелам зацікаўленых ведамстваў. "Вынікам, хутчэй за ўсё, будуць пэўныя прапановы па ўнясенні змяненняў у правілы дарожнага руху, што датычыць маршрутнага і грамадскага транспарту", — дадаў Кубракоў.
Апошнім часам у Беларусі адбыліся дзве буйныя аварыі з удзелам маршрутак. 20 лютага каля Смалявічаў у аварыі з удзелам маршруткі загінулі 11 чалавек, а 9 былі шпіталізаваныя. 24 лютага маршрутка трапіла ў ДТЗ каля Бабруйска: пацярпелі 10 дарослых і 1 дзіця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.