Краіны Балтыі адключаюцца ад расійскага энергетычнага кальца

Электрычнасьць
Літва, Латвія і Эстонія ў выходныя, 8 лютага, адлучацца ад рэгіянальнай электрасеткі BRELL і пераключаюцца на рэгіянальную сетку Еўрапейскага Саюза.
Краіны не выключаюць магчымасці кібератакі з боку Расіі да моманту выхаду, піша Politico.
"Эстонія падрыхтавалася да многіх магчымых сцэнароў рызыкі ў сувязі з нашым выхадам з BRELL, уключаючы кіберпагрозы", — заявіў у адказе на пытанне POLITICO кіраўнік Цэнтра кібербяспекі Эстоніі Герт Аувяэрт.
Сістэма BRELL, пра якую ідзе гаворка, была створаная ў 2001 годзе. Яна называецца паводле першых літараў краінаў, якія ў яе ўваходзяць: Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія і Літва. Сістэма прадугледжвае сувязь ліній электраперадач усіх гэтых пяці дзяржаваў у адно электрычнае кальцо. У выпадку аварыйных сітуацый краіны гарантуюць адна адной падтрымку рэзервамі.
Рашэнне пра выхад з кальца краіны прынялі яшчэ ў 2019 годзе, але для вырашэння тэхнічных пытанняў патрэбны быў час. Літва хацела адключыцца ад агульнай энэргасістэмы з Беларуссю і Расеяй яшчэ раней, у 2024 годзе. Але для гэтага ёй патрэбная была падтрымка Эстоніі і Латвіі. Эстонія ж згаджалася толькі на дэдлайн у канцы 2025 года. У выніку тры краіны здолелі прыйсці да кансенсусу і дамовіцца адключыцца ад агульнай з Беларуссю і Расіяй энэргасістэмы да лютага 2025 года.
DW адзначае, што гэты пераход на еўрапейскую сетку мае толькі сімвалічнае значэнне, бо краіны яшчэ з 2022 года адмовіліся ад куплі расійскай ці беларускай электраэнэргіі. Карыстальнікі не павінны заўважыць розніцы пры пераходзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.