“Крумкачы” мяняюць назву, каб трапіць у першую лігу
Футбольная каманда “Крумкачы” вырашыла мяняць назву. На сайце калектыву з’явіўся зварот да заўзятараў, у якім “вароны” просяць аб дапамозе з выбарам новай назвы і аб разуменні сітуацыію.
Такая неабходнасць узнікла перад клубам, каб атрымаць права на выступ у першай лізе чэмпіянату Беларусі. Па выніках гэтага сезона каманда, якая гуляе над назвай “НФК “Крумкачы” заняла другое месца ў ДЗ, аднак не можа выйсці ў прафесійны дывізіён, бо ў АБФФ ужо зарэгістраваны клуб “Крумкачы”, а за ім цягнуцца завінавачанасці з мінулага сезона. Тады клуб выступаў у вышэйшай лізе, аднак страціў ліцэнзію АБФФ. Каманда займела новых заснавальнікаў і крыху змяніла назву, зарэгістравалася зноў і заявілася ў другую лігу і за адзін сезон даказала здольнасць гуляць у Д1.
Цяпер, каб усё ж перайсці ў першую лігу, “Крумкачам” прасцей за ўсё зрабіць рэбрэндынг.
“Наперадзе вялікая і складаная праца. Мы хочам стаць прафесійным клубам, клубам не толькі з прыгожай, быць можа нават казачнай, гісторыяй, але і клубам з сур'ёзнымі амбіцыямі падмацаванымі працай і вынікамі прафесійнай мэнэджарскай каманды. Мы павінны захаваць і прымножыць сваю гісторыю.
Але так часта бывае, калі будаўніцтва немагчымае без перабудовы, а часам і ломкі. Таму першы сур'ёзны крок, які мы павінны зрабіць сёння — гэта змяніць назву клуба. Мы доўга думалі і разважалі на гэтую тэму, перш чым прыйсці да такога рашэння. І сёння яно наспела. Мы хочам і павінны захаваць пераемнасць нашага брэнда, але рэаліі такія, што на шляху пабудовы сур'ёзнага прафесійнага клуба, неабходна “казку зрабіць быллю”, — гаворыцца ў звароце да заўзятараў.
Заўзятараў просяць дасылаць свае варыянты новай назвы на электронны адрас [email protected].