Крызіс на рынку працы працягнецца ў Беларусі? Эканамістка дае прагноз

Перспектыў прыкметнага паляпшэння сітуацыі няма / Еўрарадыё
Чысла занятых у эканоміцы Беларусі працягвае змяншацца, але гэта не звязана з аптымізацыяй: звольненыя потым не з'яўляюцца на рынку працы. Афіцыйна беспрацоўнымі зарэгістраваныя ўсяго 3,5 тысячы чалавек, хоць фактычны ўзровень беспрацоўя, нават паводле афіцыйных дадзеных, складае каля 150 тысяч.
Чаму так адбываецца і што чакае краіну далей ва ўмовах кадравага голаду? Эканамістка Аліса Рыжычэнка дала прагноз у эфіры Еўрарадыё.
"Сістэма працаўладкавання ў Беларусі ўвогуле не працуе. Каб яна была эфектыўнай, каб людзі рэгістраваліся беспрацоўнымі, у іх павінна быць матывацыя — то бок «што я з гэтага атрымаю?». Замест гэтага для іх ствараюцца сто колаў пекла: прайдзі 800 абследаванняў, хадзі на нейкія сустрэчы, хадзі на сумоўі, якія не адпавядаюць тваёй кваліфікацыі", — тлумачыць Рыжычэнка тое, чаму людзі не становяцца на біржу працы.
Эканамістка нагадвае, што дапамога па беспрацоўі ў Беларусі мізэрная, таму беларусы проста не чакаюць ад працэдуры ніякай карысці.
"Тое, што ў нас знікае працаздольнае насельніцтва, якое занятае ў эканоміцы, у першую чаргу тлумачыцца старэннем беларусаў — пенсіянераў становіцца больш. Ну і, вядома, нікуды не знікла працоўная міграцыя — у тым ліку ў Расію, дзе не патрэбная ніякая рэгістрацыя.
Калі ў Расіі назіраецца вялізны дэфіцыт кадраў, калі там заробкі прыкладна на 30% вышэйшыя, чым у Беларусі, і гэта па звычайных спецыяльнасцях, а па высокакваліфікаваных — у разы, то людзі выбіраюць з'язджаць у Расію, працаваць там і высылаць грошы сваім сем'ям," — адзначае Рыжычэнка.
Відавочныя і прычыны таго, чаму беларусы не спяшаюцца займаць вакансіі, зарэгістраваныя ў Дзяржаўнай службе занятасці.
"Гэта відавочна, калі мы бачым заробкі ў рэгіёнах у 800 або 1000 рублёў. Нават у Мінску — што тут казаць: чалавек, які працуе вахтавым метадам у інтэрнаце, суткі праз двое, мае цяжкую працу і пры гэтым атрымлівае 800 рублёў — ну пра што тут можна гаварыць? Дзе будзе матывацыя ісці працаваць?"
Не ствараюцца магчымасці для развіцця і ў прыватным сектары, адзначае Рыжычэнка. Па-першае, з-за абмежаванняў росту цэн многія не могуць зарабляць, а таксама прысутнічае пастаянны адміністрацыйны ціск — праверкі, штрафы, пакаранні.
"Гэтая тэндэнцыя [крызісу на рынку працы] працягваецца ў нас ужо не першы год і будзе працягвацца далей. Бо ніякіх перспектыў развіцця ўнутры Беларусі няма, акрамя таго, каб зарабляць на дзяржпрадпрыемствах на крывавых грошах. (...)
Усё працуе абсалютна неэфектыўна, і перспектыў таго, што ў доўгатэрміновай перспектыве пры існуючым рэжыме эканоміка краіны стане больш эфектыўнай, тэхналагічнай, адпаведнай сусветным стандартам, не відаць."
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.