Ксенія Луцкіна будзе падаваць прашэнне пра памілаванне
Ксенія Луцкіна / rada.vision
Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна будзе падаваць прашэнне пра памілаванне. Яе бацькі цяпер збіраюць неабходныя дакументы. Пра гэта ў інтэрв'ю "Народнай волі" расказаў бацька Ксеніі Алег Луцкін. Дакументаў, паводле яго слоў, трэба сабраць нямала, але ён ужо амаль усё сабраў. Затрымка ўзнікла з даведкай з міліцыі — яе трэба чакаць дзесяць рабочых дзён.
"Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. У яе такая цяжкая хвароба", — кажа Алег Луцкін. Найбліжэйшым часам ён збіраецца адправіць пакет дакументаў у калонію. А там ужо Ксенія падасць прашэнне. Бацькі камунікуюць з Ксеніяй пры дапамозе лістоў і праз тэлефон. Камунікацыя праз тэлефон магчымая чатыры разы на месяц. Прычым дазваляецца відэасувязь, таму Ксенія перыядычна бачыць сына і размаўляе з ім. Нагадаем, у зняволенні ў Ксеніі дыягнаставалі анкалогію.
"Дачка па-ранейшаму чакае абследавання. Яна, як вядома, стаіць у чарзе на МРТ", — падзяліўся апошнімі навінамі бацька журналісткі. Паводле яго слоў, стан здароўя Ксеніі не паляпшаецца, але лекі ёй перадаюць.
Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну ў мінулым верасні асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавачвалі ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" — за ўдзел у Каардынацыйнай радзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.