Лекары з Беларусі просяць міністра спрасціць працэс працаўладкавання ў Польшчы

Лекараў не бяруць на працу праз адсутнасць даведак / калаж Улада Рубанава
Лекараў не бяруць на працу праз адсутнасць даведак / калаж Улада Рубанава

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся беларускі лекар, занепакоены цяперашнім становішчам сваіх калег, якія пераехалі ў Польшчу. Гаворка ідзе як пра медыкаў, якія адразу пераехалі з Беларусі, так і пра тых, хто ўжо папрацаваў ва Украіне, але пасля пачатку вайны быў вымушаны зноў мяняць месца жыхарства і шукаць працу ў новай краіне. У тым ліку — гэта спецыялісты, з якімі былі скасаваны кантракты на радзіме па палітычных матывах.

"5 ліпеня міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі дамовіўся са Святланай Ціханоўскай пра тое, што беларускія лекары змогуць працаўладкоўвацца тут па спрошчанай працэдуры, — нагадвае наш суразмоўца. — Таксама Мінздароўя Польшчы не будзе патрабаваць апастыль і спросціць патрабаванні да дакументаў, асабліва ў тым выпадку, калі іх атрыманне патрабуе вяртання ў Беларусь. Нам паабяцалі даць спрошчаную схему атрымання дазволу на практыку "ў найбліжэйшыя тыдні", але з пэўнымі цяжкасцямі медыкі працягваюць сутыкацца дагэтуль".

Врачи из Беларуси просят министра упростить процесс трудоустройства в Польше
Святлана Ціханоўская і Адам Нядзельскі / "Наша Ніва"

Лекар тут жа папярэджвае, што прэтэнзій да польскага Мінздароўя ніхто не мае. Яму вядома, што з пачатку 2022 года 795 медыкаў з Беларусі атрымалі дазвол на працу ў Польшчы па "кавіднай уставе" (праўда, у сувязі са сканчэннем пандэміі працэдура падачы дакументаў па ёй была адменена і цяпер лекары вымушаныя працаўладкоўвацца па іншых правілах).

Паводле слоў спецыяліста, польская сістэма аховы здароўя заўсёды прымала медыкаў з Беларусі. Пры ўмове, што яны выконвалі неабходныя фармальнасці для сваёй легалізацыі ў Польшчы: праходзілі ўсе этапы настрыфікацыі, здавалі моўныя і медыцынскія экзамены, выходзілі на так званы "стаж" і цалкам яго праходзілі. У кавідныя і посткавідныя часы польскае Мінздароўя неаднаразова ставіла беларускіх лекараў у прыклад. 

"Але гэта было тады, калі з экранаў беларускага тэлебачання не гучалі словы "экстрэмізм", "тэрарызм", "шкоднікі ў белых халатах", — працягвае лекар. — Не было "чорных спісаў дактароў", па якіх звальняюць з працы, саджаюць у турму, даюць штрафы, пераследуюць сваякоў і дзяцей медработнікаў. Да выбараў на працы ў Беларусі можна было ўзяць любую даведку і пацвердзіць легальнасць сваіх дакументаў. Сёння, набіраючы нумар былога кіраўніка, кожны лекар разумее, што пра гэта тут жа стане вядома супрацоўніку па ідэалагічнай рабоце і бяспецы, які цяпер ёсць пры кожнай медыцынскай установе. Якімі будуць наступствы гэтага званка, можна толькі здагадвацца".

Врачи из Беларуси просят министра упростить процесс трудоустройства в Польше
Акцыя салідарнасці лекараў БХМД з затрыманым Арцёмам Сарокіным / @motolkohelp

Лекар з Беларусі? Да пабачэння!

Складаную працэдуру настрыфікацыі дыпломаў, пацвярджэння адукацыі, кваліфікацыі і досведу лекары, якія пераехалі, абавязаны праходзіць у любой краіне. Сёння гэты працэс ускладняецца праз адсутнасць магчымасці атрымання шэрагу дакументаў з беларускіх універсітэтаў, Мінздароўя і МЗС, а таксама іншых дзяржорганаў. Мяркуючы па заявах палітыкаў, польскія ўлады як быццам бы і гатовыя ўвайсці ў становішча, але на справе пакуль гэта не заўсёды прыкметна.

"З асабістых размоў высвятляецца, што некаторыя "ізбы лекарскія" (кіраўнічы орган, накшталт нашага гарздароўя), калі даведваюцца, што медык з Беларусі, перастаюць разглядаць яго дакументы, разумеючы, што ўсіх неабходных папер у яго ўсё роўна няма, — апісвае сітуацыю наш суразмоўца. — Я сутыкнуўся з гэтым сам у некалькіх клініках, куды спрабаваў уладкавацца. Мне сказалі, што патрэбна даведка з месца працы, маўляў, што сапраўды там працаваў. Нават працоўная кніжка для іх не аргумент. Напісана — "даведка", і хоць забіся.

Ёсць варыянты развязання гэтых пытанняў, і наяўнае заканадаўства дазваляе гэта зрабіць, бо ў некаторых папраўках і пунктах польскіх законаў гучаць такія словы, як працаўладкаваць "на меркаванне" або "ў выключных выпадках".

Мне здаецца, і большасць маіх калег пагодзяцца, што беларускія медыкі цяпер сапраўды знаходзяцца ў "выключным выпадку", аказаўшыся без працы і без магчымасці атрымліваць звычайную чалавечую радасць ад таго, што ты камусьці патрэбны. А многія і без шанцу вярнуцца на Радзіму. Але разгледзець такія выпадкі па законе павінен міністр або яго намеснік, а да іх не прабіцца, бо дакументы асядаюць у сакратарыятах".

 

Ранішні пратэст медыкаў 14 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

Як спрасціць працэдуру прыняцця на працу

У беларускіх лекараў, якія пераехалі ў Польшчу, ёсць прапановы па вырашэнні праблемы працаўладкавання, але праз няведанне заканадаўчых актаў і сістэмы ў цэлым не вельмі зразумела, каму іх можна адрасаваць.

Прывядзём некаторыя з іх, спадзеючыся, што яны дойдуць да адрасата.

Лекары прапануюць:

часова прымаць на разгляд дакументы аб адукацыі без апастыляў. У далейшым праводзіць з такімі медыцынскімі работнікамі асобныя сустрэчы альбо спецыяльнай камісіяй разглядаць легальнасць дакументаў (якраз тое, пра што міністр Польшчы гаварыў з Ціханоўскай, але пакуль змены не адчувальныя);

разгледзець прыраўноўванне дыпломаў аб медыцынскай адукацыі, якія ўжо прайшлі працэдуру прызнання ва Украіне, да ўкраінскіх. Таксама разгледзець прыраўноўванне медыцынскіх дыпломаў у тых лекараў, хто ўжо колькі часу працаваў ва Украіне (атрымаў там дазвол ад працадаўцы альбо мае лакальную ліцэнзію), пражываў там легальна і прыехаў у Польшчу ў сувязі з пачаткам ваенных дзеянняў;

неяк змяніць неабходнасць падачы даведак з месца працы, планаў інтэрнатуры, ардынатуры і прымаць рашэнні на падставе дыпломаў, курсаў павышэння кваліфікацыі, наяўных запісаў у працоўных кніжках. Пасля, пры неабходнасці, разглядаць катэгорыю гэтых медыкаў асобна.

Растлумачым: беларускія спецыялісты могуць даць рэспубліканскія планы ардынатуры, інтэрнатуры, але іх, на жаль, у польскім Мінздароўя не прымаюць. Патрабуюць толькі індывідуальныя, хоць адрозніваюцца яны ад рэспубліканскіх толькі прозвішчам і імем на галоўным тытульным аркушы.

Врачи из Беларуси просят министра упростить процесс трудоустройства в Польше

"На сёння складанасці з легалізацыяй дакументаў нашых медыкаў у Польшчы застаюцца, — каментуе сітуацыю Еўрарадыё спецыялістка ў сферы легалізацыі знаходжання замежнікаў у Польшчы Анастасія Баравікова. — Знаёмы ўладальнік польскай клінікі вельмі зацікаўлены ў прыёме лекараў да сябе на працу, але пераступіць праз літару закона, вядома, не можа. Вырашыць праблему можна толькі праз Мінздароўя. Ці ёсць сэнс пісаць петыцыю, каб прыцягнуць увагу міністра? Пагутарыўшы з адвакатам, я даведалася, што такую працэдуру можна выкарыстаць. Але гарантый, што на яе адрэагуюць, няма".

А што Святлана Ціханоўская? Ці ведае лідарка дэмакратычных сіл Беларусі, што праз паўтара месяца пасля анансавання міністрам спрашчэння працэдуры прыняцця на працу нашых лекараў пытанне ўсё яшчэ застаецца адкрытым. Ці гатовыя ў Офісе разгледзець прапановы медыкаў па вырашэнні праблемы і працягваць прадстаўляць іх інтарэсы на дзяржаўным узроўні?

На гэтыя пытанні нам адказваюць, што ў Офісе чакаюць прапаноў ад лекараў, а таксама апісанняў канкрэтных выпадкаў.

"Мы накіруем іх у Міністэрства аховы здароўя Польшчы. Далейшыя дзеянні будзем узгадняць з Фондам медыцынскай салідарнасці", — абяцаюць у прэс-службе.

 

Замкнёнае кола

Як стала вядома Еўрарадыё, каардынатары фонду прысутнічалі 5 ліпеня на сустрэчы міністра аховы здароўя Польшчы Адама Нядзельскага са Святланай Ціханоўскай. Адзін з іх заўважае, што за прыгожым словам "дамовіліся" хаваецца маса нявырашаных пытанняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі