Літва накіравала ліст у МНС Беларусі, у якім просіць спыніць працу АЭС
Астравецкая АЭС / З архіва Еўрарадыё
Літоўская дзяржаўная інспекцыя па бяспецы атамнай энергетыкі накіравала ліст у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, у якім просіць спыніць працу Астравецкай АЭС. І не эксплуатаваць яе да таго часу, пакуль не будуць вырашаны ўсе пытанні ядзернай бяспекі, паведамляе Delfi.
У Вільні заявілі, што "большасць пытанняў гарантавання ядзернай бяспекі дагэтуль не вырашаны". Літоўскі бок чакае адказаў на пастаўленыя пытанні бяспекі, звязаныя з выбарам і ацэнкай пляцоўкі, устойлівасцю абсталявання Беларускай АЭС "да сейсмічных з'яў і наступстваў авіякатастрофы буйнога камерцыйнага самалёта, выкананнем рэкамендацый па стрэс-тэстах, імавернаснай ацэнкай бяспекі, ацэнкай пажарнага рызыкі".
Літва спадзяецца атрымаць і каментар наконт здарэнняў на АЭС, пра выяўленыя дэфекты і незавершаныя працы.
Копіі ліста адпраўленыя ў МАГАТЭ, Еўракамісію, Еўрапейскую групу па наглядзе ў сферы ядзернай бяспекі і Асацыяцыю заходнееўрапейскіх органаў рэгулявання ядзернай бяспекі.
13 траўня ўпершыню ўключылі ў электрасетку другі блок БелАЭС. Яго ўвод у эксплуатацыю павінен адбыцца напрыканцы года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.