На Беларускай АЭС адбылося апрамяненне персаналу

Афіцыйна пра здарэнне ніхто не гаворыць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Афіцыйна пра здарэнне ніхто не гаворыць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На беларускай АЭС адбылося апрамяненне персаналу. Гэта здарылася ў красавіку 2022 года. Інфармацыя пра здарэнне не публікавалася.

Мяркуючы па звестках, якімі валодае рэдакцыя Еўрарадыё, па ўнутраных каналах пра здарэнне паведамлялася ў прамежку ад 17 да 29 красавіка.

Па часе з інцыдэнтам супаў "планава-папераджальны рамонт", дзеля якога ў канцы красавіка быў спынены першы энергаблок Беларускай АЭС. Планавалася, што ён будзе доўжыцца каля 80 дзён, за якія будзе праведзена першая ў гісторыі станцыі перагрузка ядзернага паліва.

Аднак, насуперак агучаным планам, рэактар быў заглушаны на паўгода — яго вярнулі ў электрасеткі толькі 9 лістапада.
 

Як мы даведаліся пра здарэнне

"Дзірка" ў сістэме электронных зваротаў у дзяржорганы Беларусі стала прычынай таго, што змест некалькіх тысяч зваротаў трапіў у адкрыты доступ. Сярод іх мы знайшлі ліст, адпраўлены на адрас БелАЭС ад імя ТАА "НафтаХімДыягностыка". У графе "Адрас электроннай пошты заяўніка" мы бачым адрас [email protected]. Раман Алегавіч Філіпавецдырэктар ТАА "НафтаХімДыягностыка".

У тэме звароту пазначана: "Заява — папярэджанне аб апрамяненні персаналу". А ў яго тэксце гаворыцца, што відэа моманту апраменьвання людзей адпраўлена на электронную пошту [email protected]. Гэта афіцыйны кантактны мэйл адміністрацыі БелАЭС.

На Белорусской АЭС произошло облучение персонала
Дадзеныя аб звароце "НафтаХімДыягностыкі" на БелАЭС / скрыншот Еўрарадыё

Сістэма зваротаў, пра якую ідзе гаворка, інтэграваная ў сайты дзяржорганаў. У тым ліку і ў сайт БелАЭС. Каб адправіць зварот, трэба запоўніць вось такую форму:

На Белорусской АЭС произошло облучение персонала
Форма звароту на БелАЭС / скрыншот Еўрарадыё

У цяперашні час "дзірка" закрытая — доступ да зместу адпраўленых у дзяржорганы зваротаў абмежаваны. Аднак зварот у БелАЭС, пра які ідзе гаворка, па-ранейшаму можна знайсці ў вэб-архіве.
 

Чым займаецца "НафтаХімДыягностыка"

Кампанія спецыялізуецца на абслугоўванні тэхналагічнага абсталявання і тэхналагічных установак на небяспечных вытворчых аб'ектах. Яна працуе па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Сярод відаў дзейнасці, указаных на сайце "НафтаХімДыягностыкі", — работы па тэхнічным дыягнаставанні тэхналагічнага абсталявання, якое эксплуатуецца на небяспечных і патэнцыйна небяспечных аб'ектах.

Мы не знайшлі прамых сувязяў паміж Беларускай АЭС і ТАА "НафтаХімДыягностыка". Аднак супрацоўнікі кампаніі сапраўды маглі выявіць апрамяненне персаналу на атамнай электрастанцыі. На сайце "НафтаХімДыягностыкі" сказана, што яна ў ліку іншага абслугоўвае "прадпрыемствы энергетыкі Рэспублікі Беларусь".

На Белорусской АЭС произошло облучение персонала
Заказчыкі, названыя на сайце "НафтаХімДыягностыкі" / скрыншот Еўрарадыё

Што кажуць на БелАЭС і ў “НафтаХімДыягностыцы”

У інфацэнтры атамнай станцыі нам не змаглі адназначна сказаць, ці было апрамяненне ці не.

З запытам працаваў, напэўна, наш цэх радыяцыйнай бяспекі, калі быў такі запыт. Таму што я сумняваюся. І якое там апрамяненне магло быць? — пытаюцца ў нас і прапануюць напісаць афіцыйны запыт на тэму.

Еўрарадыё датэлефанавалася да дырэктара "Нафтахімдыягностыкі" рамана Філіпаўца. Пасля нашага пытання пра апрамяненне ён на некаторы час задумаўся. А потым папрасіў звязацца з ім пазней:

Не зусім зручна мне гаварыць. Вы можаце мне напісаць? А я вам адкажу, калі выйду на сувязь.

Пазней ён прапанаваў нам сустрэцца "пасля НГ і святаў", "падрабязна ўсе гэтыя пытанні разабраць", "пагартаць паперы і ўсё абмеркаваць".
 

Што магло здарыцца

Акрамя відавочнай версіі: НЗ у працы атамнай станцыі — трэба разгледзець і іншыя. Бо паводле зварота незразумела, аб персанале якой арганізацыі ідзе гаворка. Апрамяніцца маглі не толькі супрацоўнікі БелАЭС, але і работнікі самой "НафтаХімдыягностыкі". Напрыклад, падчас гама-дэфектаскапіі, каментуе Еўрарадыё сітуацыю фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

Гама-дэфектаскапія — спосаб пошуку дэфектаў з дапамогай радыеактыўнага выпраменьвання. Такая дыягностыка можа праводзіцца на АЭС. А ў "НафтаХімДыягностыкі" ёсць атэстацыя на радыеграфічную дэфектаскапію.

Альбо апрамяненне магло адбыцца ў час працы з нафтавымі трубамі — на іх магчымы асадак торыя і ўрану. То бок, гэта не абавязкова звязана з працай АЭС, — дадае Ажароўскі.

Таксама пакуль застаецца незразумелым, ці звязана тое апрамяненне з залішне доўгім рамонтам на Беларускай АЭС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі