Літва рыхтуе забарону на транзіт некаторых тавараў у Беларусь і Расію
Новыя абмежаванні для РБ і РФ / delfi.lt
Міністэрства эканомікі і інавацый Літвы зарэгіструе прапанову аб стварэнні спісу тавараў двайнога прызначэння, якія забароняць правозіць праз літоўскую тэрыторыю ў Беларусь і Расію, а таксама для далейшага экспарту. Асноўная мэта ініцыятывы — абмежаванне траплення тэхналогій на поле бою ва Украіне, паведамляе Delfi.
Міністр эканомікі Літвы Аўшрыне Арманайце кажа, што некаторы час праходзіць збор інфармацыі пра транзіт такіх тавараў. І паколькі ёсць звесткі, што РФ можа выкарыстоўваць іх ва ўзбраеннях ва Украіне, прапануецца забарона. "Міма нас такія тавары на поле бою не пройдуць, тэрыторыю Літвы для гэтага не будуць выкарыстоўваць", — адзначае міністр. Паводле яе слоў, ужо ідэнтыфікаваныя 65 кодаў тавараў.
"Частка гэтых тавараў не трапіла пад санкцыі, частка — трапіла. Спіс будзе вялікім, у асноўным гэта электроніка", — гаворыць Аўшрыне Арманайце.
Мяркуецца, што з-за новаўвядзення літоўскі экспарт не пацерпіць, паколькі 93% згаданых тавараў — не з Літвы. Віцэ-міністр Кароліс Жэмайціс дадае, што літоўскія перавозчыкі "ў гэтым практычна не ўдзельнічаюць, паколькі не могуць, а абсалютная большасць — і не хоча".
МЗС Літвы праводзіць кансультацыі з Еўракамісіяй. Мяркуецца, што пастанова можа з'явіцца ў ліпені 2023-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.