Ці праўда ў свеце будзе голад без калію Беларусі і хто рухае гэтую думку ў ААН
Работнікі "Беларуськалія" / Еўрарадыё
У апошнія месяцы ў свеце працягваецца дыскусія пра зняцце санкцый з "Беларуськалія". Аргумент за адмену абмежаванняў: санкцыі супраць беларускага калію паўплывалі на харчовую бяспеку самых бедных краін свету. Ці сапраўды гэта так і хто праціскае рашэнні ў структурах ААН у інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі, даведаўся Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
Захад перашкаджае Лукашэнку ратаваць Афрыку ад голаду?
Еўрасаюз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаенняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 года. Гэта зрабілася сур'ёзным ударам для афіцыйнага Мінска. Каб дамагчыся зняцця санкцый, Аляксандр Лукашэнка прадказаў свету голад праз магчымы дэфіцыт мінеральных угнаенняў, бо Беларусь на гэтым рынку была адным з асноўных гульцоў. Такія аргументы гучалі і на адным з пасяджэнняў профільнага Камітэта ААН.
Хто такі Станіславас Томас?
Сам Томас называе сябе літоўскім адвакатам і праваабаронцам, а таксама прафесарам Сарбоны. Аднак, як высветліла Еўрарадыё, прафесарам Сарбоны літовец не з'яўляецца, хоць і пісаў там доктарскую дысертацыю.
Пасля ўвядзення санкцый супраць беларускага калію Белстат засакрэціў звесткі пра яго экспарт. Але на аснове інфармацыі з адкрытых крыніц можна зрабіць выснову, што гэтыя абмежаванні не маглі паўплываць на голад у Афрыцы.
У 2022 годзе, пасля ўвядзення санкцый, прапанова калію на рынку перавышала яго спажыванне ў паўтара раза: 60 млн тон супраць 39 млн тон. Акрамя таго, у найбяднейшыя краіны свету ішла толькі невялікая частка беларускіх угнаенняў. СМІ са спасылкай на звесткі Белстата паведамлялі, што ў 2020 годзе Беларусь паставіла калію ў краіны Афрыкі ўсяго на $123 млн з $2,4 млрд ад агульнага экспарту калійных угнаенняў. Прычым вялікая яго частка ішла ў Марока, Егіпет і ПАР — далёка не самыя бедныя краіны Афрыканскага кантынента.
Што справакавала рост сусветных коштаў? У першую чаргу — псіхалагічны фактар. Як адзначаюць эксперты Міжнароднага даследчага інстытута харчовай палітыкі (IFPRI), многія краіны, якія залежаць ад імпарту угнаенняў з Расіі і Беларусі, пра страх неадкладнага дэфіцыту пачалі шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак. Гэта стварыла непакой на рынку, бо попыт вялікі, прыкладна тры чвэрці ўсіх краін імпартуюць не менш за палову патрэбных ім угнаенняў.
На гэтым згуляла Расія, далейшымі заявамі і дзеяннямі пагоршыўшы паніку. 10 сакавіка 2022 года міністр прамысловасці Дзяніс Мантураў на нарадзе ва Уладзіміра Пуціна паведаміў, што Расія абмяжуе экспарт сваіх угнаенняў. Паводле яго слоў, гэта было зроблена не для таго, каб камусьці стварыць нязручнасці, а праз праблемы з лагістыкай.
Беларусі і пад санкцыямі сёлета ўдалося скарыстацца параўнальна высокімі коштамі. Улады засакрэцілі статыстыку экспарту калійных угнаенняў, але паводле звестак Інстытута праблем натуральных манаполій (ІПЕМ), з якой азнаёміліся "Ведомости", за першы квартал 2023 года праз Расію правезлі больш за два млн тон беларускага калію. Для параўнання, за ўвесь мінулы год Беларусь правезла праз Расію 3,5 млн тон. Калі тэмп захаваецца, то сёлета "Беларуськалій" экспартуе праз РФ блізу 8,5 млн тон калію. Гэты аб'ём усяго на траціну меншы, чым у дасанкцыйныя часы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.