Прафесар, канспіролаг і багаслоў: новыя героі беларускай прапаганды
Новыя спікеры прапаганды / калаж Еўрарадыё
Адна з рысаў прапаганды — не пытацца меркавання экспертаў, а знаходзіць спікераў пад тое меркаванне, якое павінна быць агучанае. І з гэтым беларускія дзяржСМІ спраўляюцца вельмі вынаходліва: часта можна ўбачыць у эфіры замежных гасцей, якіх прадстаўляюць як вельмі паважаных людзей, дый якія гавораць тое, што трэба. Праўда, калі звярнуць увагу на такіх "экспертаў" , то выяўляецца шмат цікавага. Расказваем пра траіх новых персанажаў.
Канспіролаг з Літвы
За балтыйскі кірунак апошні час у тэлеканалаў і праўладных тэлеграм-каналаў адказвае нехта Лаўрынас Рагельскіс. Яго прадстаўляюць як адзінага мясцовага блогера, які "не баіцца сказаць праўду".
Па дзіўным супадзенні свой канал на ютубе пад назвай "Литовец рубит правду" Рагельскіс завёў у канцы 2020-га і адразу пачаў выкладваць ролікі, якія ачарняюць беларускую апазіцыю. Вядома ж, на рускай мове, на якой сёння ў Літве амаль ніхто не гаворыць. І, мяркуючы па ўсім, гэта спецыяльна створаны "на экспарт" прадукт, бо Рагельскіс займаецца яшчэ шмат чым.
Рагельскіса сапраўды можна назваць блогерам. Прычым блогаў у яго вельмі шмат. У справаздачы аб ацэнцы пагроз нацыянальнай бяспецы Літвы на яго звярталі ўвагу ў сувязі з тым, што ён курыруе сетку антызаходніх і прарасійскіх пляцовак, асноўная з якіх — Ldiena.lt. Асаблівага поспеху ў аўдыторыі ён не мае — на літоўскамоўным ютуб-канале ўсяго каля 150 падпісчыкаў, — але гэта не перашкаджае займацца "патрэбнымі" рэчамі.
Рагельскіс не хавае любові да Расіі роўна гэтаксама, як лае ўсіх, каго прынята лаяць у расійскіх прапагандыстаў. НАТА, гендарная роўнасць, ліберальныя каштоўнасці — усё гэта ў роўнай ступені ворагі. Акрамя таго, Рагельскіс быў актыўным удзельнікам акцый супраць "пашпартоў вакцынацыі" і ў "абарону сям'і" — усяго "варушняка", які актыўна падсілкоўваецца прарасійскімі сіламі.
Але ёсць пра Рагельскіса яшчэ адна дэталь, без якой яго партрэт не будзе поўны. Ён актыўна прасоўвае прарасійскую тэорыю "канцэпцыі грамадскай бяспекі". Гэта канспіралагічная тэорыя пра змову транснацыянальных карпарацый і "сусветнай мафіі", а таксама таемнае кіраванне чалавецтвам. Нават добра, што ў Рагельскіса аўдыторыя вельмі маленькая — такія канцэпцыі лепш пакідаць у забыцці.
"Прафесар з Парыжскага ўніверсітэта Сарбона"
Яшчэ адзін персанаж — літовец Станіславас Томас. У тэлеграм-канале АТН яго назвалі адвакатам і прафесарам Сарбоны. Толькі вось парыжскі ўніверсітэт не ведае, што ён яго супрацоўнік.
Томас сапраўды пісаў там доктарскую дысертацыю, але пасля да вядомага ўніверсітэта ніякага дачынення не меў. Зрэшты, у сваіх аўтабіяграфіях ён нярэдка пазначае і атрыманне адукацыі ў многіх іншых універсітэтах свету — ці верагодныя гэтыя звесткі? Таму што ад чалавека, які заяўляе пра валоданне 15 (!) мовамі, чакаць можна чаго хочаш.
Томас і не еўрапейскі адвакат — у яго няма ліцэнзіі ні ў адной з краін ЕС. Нейкі час ён прадстаўляў інтарэсы адыёзных дзеячаў пры міжнародных судах, але ў 2016-м Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў яму быць прадстаўніком у судовых спрэчках якраз праз тое, што ён прадстаўляўся адвакатам, не маючы ліцэнзіі.
Сёння Станіславас Томас прадстаўляецца адвакатам і нават прапануе складаць пазовы ў ААН — у тым ліку мігрантам, якія трапілі ў Літву праз Беларусь. Выступае ён і супраць санкцый у дачыненні да Беларусі. Цікава, што адно з апошніх відэа, на якім ён крытыкуе еўрапейскае права і дэмакратыю, ён запісаў на фоне Палаца Незалежнасці ў Мінску.
У свой час Томас хацеў быць палітыкам: у 2006 годзе ён быў актыўным удзельнікам студэнцкіх пратэстаў і нават планаваў будаваць барыкады, а неўзабаве планаваў абірацца ў Сейм. З самага пачатку ён уваходзіў у правую партыю "Парадак і справядлівасць" (лаяльную да РФ і дрэнна настроеную да ЕС) і абараняў яе заснавальніка — экс-прэзідэнта Літвы Раландаса Паксаса, якога знялі праз падазрэнні ў пагрозе нацыянальнай бяспецы.
Адкрыта палітычныя жэсты робіць Томас і сёння: напрыклад, спрабаваў абірацца ў Еўрапарламент, а ў 2019-м разбіў мемарыяльную таблічку Ёнасу Нарэйку (яго абвінавачваюць у калабарацыянізме, аднак літоўскія гісторыкі і Віленскі акруговы суд лічаць вылучаныя ў часы СССР абвінавачанні такімі, якія не знаходзяць пацвярджэння) на бібліятэцы Акадэміі навук у Вільні.
Дапоўнена. Пасля публікацыі гэтага тэксту Станіслаў Томас звязаўся з рэдакцыяй Еўрарадыё. Ён заяўляе, што ні ён сам, ні беларускае тэлебачанне ніколі не называла яго прафесарам Сарбоны. Аднак гэта не так.
Спадар Томас удакладніў, што мае адвакацкую ліцэнзію ў Андоры і што ён сябра адвакацкай калегіі ў Расіі. Абедзве гэтыя краіны не ўваходзяць у Еўрасаюз — адпаведна, тут у нашым тэксце няма памылкі.
Аднак удакладняем, што відэа, запісанае днямі на фоне Палаца Незалежнасці, сапраўды не прысвечанае крытыцы еўрапейскіх прававых практык.
Багаслоў з (Самары) Кліўленда
— На жаль, яны не хочуць ведаць праўду, у іх ёсць устойлівыя стэрэатыпы. Каналы CNN, FOX News з розных бакоў працуюць на падтрыманне стэрэатыпаў для таго, каб тая сітуацыя, якая цяпер адбываецца ў свеце і якая іх вельмі задавальняе, захавалася любым коштам, — так у эфіры "Беларусь 1" каментаваў інтэрв'ю Лукашэнкі для CNN "палітолаг Стыў Самарын".
Толькі вось на самай справе яго завуць Уладзіслаў Спектараў, а вучыўся ён не на палітолага, а на сувязіста. У пачатку 1990-х заняўся адкрыццём у роднай Самары першай метадысцкай абшчыны, пасля чаго эміграваў у ЗША і адвучыўся на Багаслова.
Уласную дзейнасць Самарын-Спектараў характарызуе як "рэлігійную, фінансавую, навуковую і палітычную". Напрыклад, зарэгістраваў дзве рэлігійныя НДА ў ЗША, ад імя адной з іх (сціпла названай Global Christian Ministry) узнагародзіў сам сябе званнем доктара багаслоўя. Пазначана, што ён стварыў і "Інстытут міжнароднага супрацоўніцтва і партнёрства", але пра гэтую інстытуцыю ў гугле няма ніякай інфармацыі.
У 2015-м Самарын-Спектараў павіншаваў Лукашэнку з абраннем на пасаду прэзідэнта... Праўда, Мікалай Халезін тады ж заўважыў, што гэты чалавек, які сядзеў з амерыканскім сцягам і прадстаўляўся прафесарам універсітэта Фларыды, на той момант працаваў у мінскім МІПСА…
А яшчэ ён адседзеў у той самай Фларыдзе — ці то за крадзеж, ці то за махлярства. Такі вось расійска-беларуска-амерыканскі палітолаг-інвестар-багаслоў.