Лукашэнка павіншаваў беларусаў: Знайдзіце сваё шчасце і цаніце жыццё
За лічаныя хвіліны да Новага году беларускія тэлеканалы паказалі традыцыйны навагодні відэазварот кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра тое, што 2015 год нагадаў усяму свету: жыццё — найвялікшая каштоўнасць на Зямлі. Па ўсёй планеце — тэракты, вайсковыя канфлікты, гіне ўсё больш і больш людзей. Стары сусветны парадак практычна абрынуўся, а новы, які ідзе на змену, нясе беды і пакуты людзям. "Тым каштоўней спакой, мір і згода ў нашай краіне", — адзначыў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што Беларусь удалося зберагчы ад войнаў, тэрарызму і ўнутраных закалотаў.
Асобна кіраўнік Беларусі спыніўся на лёсавырашальным значэнні Перамогі ў Другой сусветнай вайне, згадаў пра ветэранаў. Лукашэнка згадаў пра прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў кастрычніку 2015-га. "Мы разам выбралі мір і парадак, спакой і прадказальнасць, свабоду і незалежнасць Беларусі", — гаварыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння беларускае грамадства "чакае руху наперад". Ён паабяцаў, што такі рух будзе, "гэта будуць разумныя перамены", без "абвалу" і рэвалюцый.
Кіраўнік дзяржавы неаднаразова адзначыў, што мы "не маем права згубіць адзінства народу, суверэнітэт краіны". "Калі мы захаваем адзінства грамадства, то пераадолеем любыя цяжкасці і выпрабаванні", — сказаў ён у навагоднім віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка гаварыў, што часта людзі шукаюць шчасце дзесьці далёка ад радзімы, не заўважаюць, што насамрэч яно тут, зусім блізка. "Знайдзіце сваё шчасце і не прайдзіце міма яго. Цаніце жыццё!", — пажадаў беларусам Лукашэнка. Таксама ён пажадаў дабрабыту, здароўя, кахання і дабра.
Фота: БЕЛТА