Лукашэнка ў Астане пажадаў Назарбаеву выйграць прэзідэнцкія выбары (фота)
19 сакавіка пачаўся рабочы візіт кіраўніка Беларусі ў Казахстан.
У чацвер, 19 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Казахстан з двухдзённым рабочым візітам. Сёння ён правёў у Астане сустрэчу з прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым. Гаворка ішла найперш пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва краін. Лукашэнка і Назарбаеў закранулі і пытанні міжнароднай палітыкі.
БЕЛТА цытуе словы кіраўніка нашай дзяржавы, які звярнуў увагу, што абвал расійскага рубля паўплываў "на сітуацыю ўнутры Казахстана, унутры Беларусі".
Прэзідэнт Казахстана адзначыў ролю Аляксандра Лукашэнкі ва ўрэгуляванні крызіснай сітуацыі на Данбасе. Кіраўнік Беларусі пажадаў Нурсултану Назарбаеву перамогі на будучых датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах (яны пройдуць 26 красавіка), інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, 20 сакавіка ў Астане пройдзе трохбаковая сустрэча лідараў Беларусі, Казахстана і Расіі. Паводле слоў Назарбаева, будуць абмеркаваныя "актуальныя бягучыя і перспектыўныя пытанні супрацоўніцтва". Лукашэнка гаварыў пра "негатыўныя тэмпы" ў эканоміцы, якія накапліваюцца, і што ў гэтай справе "шмат што залежыць ад Расійскай федэрацыі". Раней стала вядома, што на сустрэчы будзе абмеркаваная і сітуацыя ва Украіне.
Фота: БЕЛТА