Лукашэнка завяршыў свой блізкаўсходні ваяж
Завяршыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў краіны Блізкага Усходу. Паводле інфармацыі БЕЛТА, яго самалёт вылецеў з міжнароднага аэрапорта Абу-Дабі ў Мінск.
У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах кіраўнік Беларусі прысутнічаў з працоўным візітам. Перад адлётам ён чарговы раз сустрэўся з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. Паведамляецца, што на сустрэчы бакі пацвердзілі, што зацікаўленыя ў паглыбленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Наследны прынц Абу-Дабі асабіста праводзіў беларускага кіраўніка ў аэрапорце. Аляксандр Лукашэнка і шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян цёпла развіталіся і абмяняліся падарункамі.
Нагадаем, што перад прыездам у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты Лукашэнка наведаў з афіцыйным візітам Катар. Там ён падпісаў пакет двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.