Мацкевіч: У МУС не прызнаюць практыкай фальшывыя сведчанні міліцыянтаў у судзе

Мацкевіч: У МУС не прызнаюць практыкай фальшывыя сведчанні міліцыянтаў у судзе

Філосаф Уладзімір Мацкевіч атрымаў адказ на свой “Адкрыты ліст міністру Шуневічу”. Адказ прыйшоў з Міністэрства ўнутраных спраў. У лісце, па словах Мацкевіч, добра відаць нежаданне міліцэйскага кіраўніцтва прызнаваць факт, што міліцыянты давалі непраўдзівыя паказанні падчас суда над ім.

Мацкевіч: "У адказе за подпісам начальніка нейкага там упраўлення напісана: “Падчас ідэнтыфікацыі найбольш актыўных удзельнікаў і арганізатараў несанкцыяванага мерапрыемства паводле відэазапісу супрацоўнікі міліцыі дапусцілі вядомую вам памылку. Разам з тым, апазнанне вас як удзельніка акцыі аб’ектыўна заснаванае на знешнім падабенстве з чалавекам, што быў у той дзень на плошчы. Міністрам гэтая памылка прызнаная публічна, усе факты, дзе ў дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі могуць быць угледжаныя парушэнні дзеючага заканадаўства знаходзяцца на кантролі кіраўніцтва МУС. Вынікі праверак па іх з’яўляюцца падставай для прыняцця кіраўнічых рашэнняў, скіраваных на ўдасканальванне дзейнасці падраздзяленняў”.

Такім чынам, кажа Мацкевіч, міліцэйскае кіраўніцтва не прызнае, што дача непраўдзівых паказанняў сведкамі-міліцыянтамі стала практыкай, а зводзіць усё да адзінкавай памылкі.

Нагадаем, падставай для напісання ліста стаў суд, на якім Мацкевіча судзілі за удзел у акцыі, на якой ён не быў, і дзе сведкамі выступалі міліцыянеры.

“Вы прызналі памылку. Вы сказалі, што міліцыянты памыліліся. Але ж вы схітравалі! Яны не памыліліся, яны схлусілі! Давайце будзем называць рэчы сваймі імёнамі. Схлусілі на судзе, будучы папярэджанымі аб адказнасці за дачу ілжывых паказанняў”, — пісаў у сваім лісце Ігару Шуневічу Уладзімір Мацкевіч.

Філосаф адзначае, што будзе працягваць перапіску з міністрам унутраных спраў на тэму недаверу грамадзян да супрацоўнікаў міліцыі.

Дарэчы, 24 траўня Мацкевіч атрымаў адказ і з пракуратуры на сваю скаргу на дзеянні сведкаў-міцыянераў падчас суда над ім. Па словах філосафа, адпачатку скаргу ён накіраваў у Генпракуратуру, адтуль яе чамусьці накіравалі “па месцы яго жыхарства” ў пракуратуру Ленінскага раёна, хоць жыве Мацкевіч ў Заводскім раёне. А з Ленінскага раёна скаргу перанакіравалі “па месцы жыхарства” — у Цэнтральны раён. На думку Мацкевіча, такім чынам чыноўнікі зацягваюць справу, каб тэрмін разгляду яго справы скончыўся і міліцыянтаў, што сведчылі супраць яго на судзе, не маглі прыцягнуць да адказнасці.

Шуневіч — пра справу Мацкевіча: Супрацоўнікі міліцыі дапусцілі памылку

Уладзімір Мацкевіч: Прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці будзе складана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі