Макрон хоча паразы Расіі ў вайне, але не хоча “знішчэння нацыі”
Эмануэль Макрон / European Parliament
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон хоча паразы Расіі ў вайне. Але не хоча “знішчэння” нацыі.
“Я не думаю, як некаторыя, што мы павінны імкнуцца да поўнай паразы Расіі, да нападу на Расію на яе ўласнай тэрыторыі”, — цытуе ВВС заяву Макрона для газеты Le Journal du Dimanche.
Прэзідэнт выступіў перад французскімі медыя падчас час Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. На ёй заходнія краіны дамовіліся паскорыць пастаўкі зброі ва Украіну і ўвесці больш рашучыя санкцыі супраць Расіі.
Макрон прызнаў, што гатоў да доўгай вайны.
“Я хачу, каб Расія пацярпела паразу ва Украіне, і я хачу, каб Украіна змагла абараніць сваю пазіцыю”, — падкрэсліў ён.
Пры гэтым, піша ВВС, Макрон “выступіў супраць тых, хто, як ён кажа, хацеў пашырыць вайну на саму Расію ў спробе “зруйнаваць” нацыю”.
“Гэтыя назіральнікі хочуць, перадусім, зруйнаваць Расію. Гэта ніколі не было пазіцыяй Францыі і ніколі не будзе нашай пазіцыяй”, — сказаў Макрон.
Ён лічыць, што цяпер не час для дыялогу з Масквой. На думку французскага прэзідэнта, “вярнуць Расію за стол перамоў” дапамогуць дзеянні Украіны на фронце — пры падтрымцы саюзнікаў.
Раней Макрона крытыкавалі некаторыя яго саюзнікі па НАТО за “неадназначную” пазіцыю па Украіне, напамінае ВВС. У прыватнасці, летам 2022 года французскі лідар сказаў, што лічыць важным, каб Расія не была “зняважана з-за свайго ўварвання”.
Кіраўнік украінскага МЗС Зміцер Кулеба тады асудзіў гэтае выказванне Макрона. Ён адказаў, што Расію, якая “зневажае сябе”, трэба паставіць на месца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.