Маск хоча звольніць да паловы супрацоўнікаў Twitter

Ілан Маск / Reuters
Ілан Маск / Reuters

Амерыканскі прадпрымальнік Ілан Маск, які днямі стаў уласнікам кампаніі Twitter, плануе звольніць да 50% супрацоўнікаў. Гэта каля 3700 чалавек. Пра гэта піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы. Такім чынам Маск разлічвае знізіць выдаткі пасля куплі кампаніі.

Аб будучым звальненні супрацоўнікаў плануюць абвясціць заўтра. Маск таксама плануе адмяніць дыстанцыйную працу. Астатнія супрацоўнікі ў абавязковым парадку павінны будуць прыходзіць у офіс.

Паведамленні пра планы Маска скараціць калектыў з'яўляліся і раней. Яшчэ да таго, як здзелка была закрытая, газета The Washington Post пісала, што Маск плануе пакінуць у штаце мінімальную колькасць супрацоўнікаў — каля 2000 з цяперашніх 7500. Пасля гэтай інфармацыі супрацоўнікі Twitter звярнуліся да кіраўніцтва кампаніі з адкрытым лістом, у якім запатрабавалі спыніць "неабачлівыя пагрозы звальнення". План Маска яны назвалі "неразважлівым" і "відавочным актам запалохвання работнікаў". Маск тады паабяцаў не звальняць 75% супрацоўнікаў.

Нагадаем, раней прадпрымальнік ужо прыняў шэраг гучных кіраўнічых рашэнняў — распусціў раду дырэктараў Twitter і анансаваў ўвядзенне платы за "сінюю птушачку", якая пацвярджае сапраўднасць ўліковага запісу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі