"Светлая памяць, Twitter". Як Ілан Маск нішчыць набытую ім самім сацсетку

Ілан Маск і яго "птушка" / калаж Еўрарадыё
Ілан Маск і яго "птушка" / калаж Еўрарадыё

Скандал вакол сацыяльнай сеткі Twitter працягваецца. З кампаніі звальняюцца тысячы чалавек, якія не гатовыя працаваць у хардкор-рэжыме, анансаваным новым уладальнікам — адным з самых багатых на зямлі прадпрымальнікаў Іланам Маскам. Яшчэ адна прычына — палітыка кіраўніка, яго стаўленне да верыфікацыі карыстальнікаў і мадэрацыі паведамленняў.

"Нават не ведаю, на чым там цяпер усё трымаецца, — каментуе сітуацыю для Еўрарадыё юрыстка з міжнароднай арганізацыі па абароне лічбавых правоў Access Now Наталля Крапіва. — Так, Маск спыніў платную верыфікацыю Twitter Blue, пра якую паведамляў раней, але гэта не значыць, што ён не вернецца да сваёй ідэі. Вядома, што кучу людзей звольнілі, а некаторыя сышлі самі: Chief of Trust & Safety Team, CISO, Chief compliance officer, Chief policy officer. Усю Human rights team звольнілі. Twitter таксама развітаўся больш чым з трыма тысячамі кантрактораў — гэта, мабыць, людзі, якія рабілі жывую мадэрацыю кантэнту".

З каманды сышлі спецыялісты, якія аказвалі кругласутачную тэхнічную падтрымку унутраным аддзелам, а таксама падтрымлівалі ключавыя сістэмныя бібліятэкі, якія выкарыстоўвалі ўсе інжынерныя каманды. Акрамя таго СМІ паведамляюць, што ў поўным складзе кампанію пакінуў калектыў сэрвісу Gizmoduck — ён "захоўвае дадзеныя з карыстальніцкіх профіляў".

17 лістапада 2022 года Twitter абвясціў, што да 21 лістапада закрывае свае офісы і адключае пропускі супрацоўнікаў. Верагодна, новы ўладальнік хоча разабрацца, хто застанецца ў яго камандзе, а таксама засцерагчы свой бізнес ад магчымага сабатажу.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Наталля Крапіва тлумачыць, чаму ўсё, што адбываецца сёння ў Twitter, так важна для беларусаў і ўсходне-еўрапейскага рэгіёну ў цэлым. 

”Покойся с миром, Twitter”. Как Илон Маск гробит приобретённую им же соцсеть
Юрыстка Наталля Крапіва / Архіў

Наталля Крапіва: Мы вельмі перажываем, што прыйдуць новыя людзі, якія не будуць арыентавацца ў нашым кантэксце. Нас гэта пужала з самага пачатку, калі Маск яшчэ толькі абвясціў аб куплі Twitter. Уступіўшы ў пасаду, новы ўладальнік дэманструе поўнае неразуменне крызісных сітуацый, якія адбываюцца ў свеце, можа быць, за выключэннем ЗША. Таксама ён не ўсведамляе, як змены ў працы Twitter паўплываюць на ўразлівыя пласты насельніцтва ў рэпрэсаваных дзяржавах, такіх як Беларусь, і ў краінах, дзе ідзе вайна, той жа Украіне.


Еўрарадыё: Пакуль што Ілан Маск прыпыніў платную верыфікацыю ў сацсетцы, якую раскрытыкавалі многія праваабаронцы. Чаму платная верыфікацыя нарабіла столькі шуму? На сваёй старонцы бізнэсовец нават жартаваў, маўляў што такое 8 даляраў…

Наталля Крапіва: Верыфікацыя, або сіняя галачка, якая стаіць побач з профілем — думаю, што не ўсе разумеюць, наколькі важны гэты статус. Асабліва для грамадзянскіх арганізацый, журналістаў, актывістаў і публічных дзеячаў у краінах, дзе яны падвяргаюцца рэпрэсіям.

Раней атрымаць верыфікацыю было вельмі складана. Гэта цэлы працэс, які патрабуе вялікіх намаганняў, каб даказаць, што ты сапраўды з'яўляешся, напрыклад, публічнай асобай, той ці іншай арганізацыяй, медыя.

Вельмі часта асобы, якія падтрымліваюць рэпрэсіўны рэжым, посцяць хлуслівую інфармацыю з фэйкавых профіляў актывістаў, каб пасадзіць іх у турму, а таксама распаліць у грамадстве нянавісць і гвалт. Вось таму вельмі важна атрымаць верыфікацыю, а Маск збіраўся браць за яе грошы. Калі для яго восем даляраў у месяц нядорага, то для многіх людзей, напрыклад, з Лацінскай Амерыкі гэта вялікая сума.

Яшчэ, я думаю, што ён забываецца, што ў такіх краінах як Расія, а таксама Венесуэла ці Сірыя, да якіх ужываюцца санкцыі, інтэрнэт-карыстальнікі, уключаючы актывістаў грамадзянскай супольнасці, не могуць выкарыстоўваць заходнія сістэмы аплаты.
Узнікае сітуацыя: нават калі ў іх грошы ёсць, заплаціць за верыфікацыю не атрымаецца. Платная верыфікацыя прывядзе да таго, што самыя ўразлівыя пласты грамадства не змогуць абараніць сябе. Праблема сур'ёзная.


Еўрарадыё: Twitter пакідаюць тысячы спецыялістаў. Якія могуць быць наступствы?

Наталля Крапіва: У першую чаргу, мы рэкамендавалі б Ілану Маску паважаць правы чалавека. Пакуль гэтага не адбываецца. На жаль, людзі, якія адказвалі за тое, каб у сацсетцы з павагай ставіліся да правоў людзей, пакідаюць кампанію. Адной з першых была Сінція Вонг, якая ўзначальвала Дэпартамент па правах чалавека ў Twitter. Думаю, што яна прадбачыла сітуацыю. Пасля яе былі вымушаныя сысці і іншыя члены каманды. Па сутнасці, іх выціскалі.

Мы патрабуем, каб гэта спынілася. Страты, якія могуць быць нанесеныя, апынуцца сур'ёзнымі. Мы яшчэ раз просім Ілана Маска паважаць правы карыстальнікаў, асабліва самых уразлівых, якія цяпер будуць пакутаваць ад яго неабдуманых дзеянняў, якія не маюць нічога агульнага з міжнародным заканадаўствам, а мяркуючы па ўсім, заснаваных толькі на яго асабістых перакананнях.


Еўрарадыё: Навошта патрэбны Дэпартамент па правах чалавека ў Twitter?

Наталля Крапіва: Падобныя аддзелы існуюць і ў Google, і ў Instagram, і ў Facebook. Іх супрацоўнікі адказваюць за тое, каб кампанія адпавядала міжнародным стандартам па правах чалавека. Каб сваімі дзеяннямі кампаніі не парушалі, напрыклад, правы на свабоду выказванняў, але ў той жа час каб у паведамленнях не распаўсюджвалася мова варожасці або дэзінфармацыя, якая можа нашкодзіць карыстальнікам і грамадству ў цэлым. Таксама ў такога віду дэпартаментах пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў кампаній павінна надавацца вялікая ўвага рэгіянальнаму кантэксту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі