Сотні супрацоўнікаў Twitter вырашылі звольніцца пасля ультыматуму Маска
Ілан Маск / Reuters
Сотні супрацоўнікаў Twitter Inc вырашылі звольніцца ў адказ на ультыматум новага ўладальніка мільярдэра Ілана Маска. Маск запатрабаваў ад работнікаў да вечара чацвярга падпісаць згоду на "доўгія гадзіны з высокай інтэнсіўнасцю" або сысці.
"Гэтыя звальненні падкрэсліваюць нежаданне часткі з прыкладна 3000 супрацоўнікаў Twitter заставацца ў кампаніі, дзе Маск раней звольніў палову персаналу, уключаючы вышэйшае кіраўніцтва, і бязлітасна мяняе культуру", — піша Reuters.
Маск напярэдадні ўвечары заявіў, што не турбуецца аб адстаўках, паколькі "лепшыя людзі застаюцца". Пры гэтым учора ён правёў сустрэчу з супрацоўнікамі Twitter, якіх лічыць крытычна важнымі. Падчас размовы Маск і яго памочнікі спрабавалі адгаварыць гэтых работнікаў ад звальнення.
Ва ўнутраным чаце Twitter учора больш за 500 супрацоўнікаў напісалі развітальныя паведамленні, сцвярджае Reuters са спасылкай на крыніцу ў кампаніі. Вядома, што сыходзяць многія інжынеры, адказныя за выпраўленне памылак і прадухіленне перабояў у абслугоўванні. "Калі платформа сапраўды зламаецца, у многіх галінах не застанецца нікога, хто мог бы нешта наладзіць", — сказала крыніца агенцтва.
Тым часам Маск рэагуе на адстаўкі ў кампаніі жартоўнымі пастамі ў Twitter.
— Elon Musk (@elonmusk) November 18, 2022
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.