Вызваленне Паліны Шарэнда-Панасюк пракаментавалі ў Еўрапарламенце

Паліна Шарэнда-Панасюк / t.me/ATN_BTRC/
Дэпутаты Еўрапарламента пазітыўна ўспрынялі выхад на волю беларускай палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Пра яе вызваленне стала вядома 1 лютага.
"Мы з вялікай палёгкай успрынялі інфармацыю пра вызваленне вядомай беларускай апазіцыянеркі Паліны Шарэнда-Панасюк", — гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка камітэта па замежных справах Дэвіда Макалістэра, пастаяннага дакладчыка па Беларусі Хельмута Брандштэтэра і старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажаты Гасеўскай.
Разам з тым еўрадэпутаты нагадваюць, што жанчыну больш за чатыры гады трымалі ў невыносных умовах у калоніі, яна зазнавала катаванні і бесчалавечнае стаўленне. Вызваленне беларускай палітзняволенай называецца найважнейшым крокам на шляху да ліквідацыі парушэнняў правоў чалавека.
"Аднак наша занепакоенасць застаецца глыбокай. Сёння мы падкрэсліваем нашу сур'ёзную занепакоенасць з нагоды тысяч беларусаў, зняволеных у турмы па палітычных матывах, якія ўтрымліваюцца ў жудасных умовах, зазнаюць катаванні, пазбаўленыя медыцынскай дапамогі, абмежаваныя ў кантактах з членамі сям'і і адвакатамі", — цытуе DW заяву еўрадэпутатаў.
Паліна Шарэнда-Панасюк была за кратамі са студзеня 2021 года. За час зняволення яе тройчы дадаткова судзілі, працягваючы тэрмін пакарання.
Паводле звестак праваабаронцаў "Вясны", цяпер за кратамі ў Беларусі працягваюць знаходзіцца мінімум 1236 палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.