Майнінгавыя фермы будуць будаваць у Магілёўскай вобласці

Майнінгавыя фермы будуць узводзіць на Магілёўшчыне, ілюстрацыйнае фота

Майнінгавыя фермы будуць узводзіць на Магілёўшчыне, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Магілёўскай вобласці рыхтуюць пляцоўкі для будаўніцтва майнінгавых фермаў. Пра гэта журналістам расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.

Паводле яго, згоду на такі праект даў Лукашэнка. "У нас у Магілёўскай вобласці ёсць добрыя пляцоўкі з энергетычнымі магутнасцямі, усё неабходнае для таго, каб будаваць дата-цэнтры, майнінгавыя фермы", — прыводзіць дзяржагенцтва БЕЛТА словы кіраўніка Магілёўшчыны.

Чыноўнік дадаў, што плануецца арганізоўваць конкурсы, "каб заходзіў інвестар і займаўся будаўніцтвам" майнінгавых фермаў.

Летась стала вядома, што ў Крычаўскім раёне будуецца першая ў вобласці майнінгавая ферма з удзелам кітайскіх інвестараў. Кошт першай чаргі, якая павінна быць уведзеная ў 2025 годзе, складае 190 млн рублёў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.