Міліцыя адмовілася шукаць вінаватых у вандалізме ў "віцебскіх Курапатах"
Пашкоджаны мемарыял у Хайсах пад Віцебскам / vitebskspring.org
Супрацоўнікі міліцыі правялі праверку на месцы папсаванага народнага мемарыялу ў памяць ахвяр сталінізму каля вёскі Хайсы і... не знайшлі падставаў для далейшых дзеянняў. Іншымі словамі, Віцебскі РАУС адмовіўся пачынаць адміністрацыйныя або крымінальныя справы па фактах вандалізму ў "віцебскіх Курапатах", пішуць праваабаронцы.
Як распавядала Еўрарадыё, сёлета ў траўні наведнікі мемарыялу пабачылі, што невядомыя вандалы паламалі некалькі крыжоў, знішчылі мемарыяльныя шыльды і ўказальнікі да ямін у лесе, дзе ў 1930-я гады адбываліся расстрэлы так званых "ворагаў народу".
Праваабаронца Павел Левінаў напісаў зварот у міліцыю. Ён прасіў даць прававую ацэнку дзеянням невядомых, якія папсавалі народны мемарыял. Аднак міліцыянты вырашылі не займацца гэтай справай.
Мемарыял у Хайсах не першы раз становіцца ахвярай вандалаў, падобныя выпадкі былі і раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.