У "віцебскіх Курапатах" вандалы знішчылі крыжы, шыльды і ўказальнікі

Вандалы зноў пабывалі каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна / vitebskspring.org
Вандалы зноў пабывалі каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна / vitebskspring.org

У "віцебскіх Курапатах", каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна, вандалы знішчылі драўляныя крыжы, шыльды з прозвішчамі расстраляных і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў, піша vitebskspring.org.

Мясцовыя актывісты мяркуюць, што дзейнічаюць не звычайныя хуліганы.

"Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляных крыжы, але ж знішчаны практычна ўсе, — кажа стваральнік ініцыятывы "Хайсы — віцебскія Курапаты" Ян Дзяржаўцаў. — Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка. Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метры таксама не стане выпадковы мінак. Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаваты тут не простыя людзі. Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-38 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял... Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце, ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі".

Дзяржаўцаў не выключае, што самаробны мемарыял будуць знішчаць у надалей, таму ўсталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс. Застаецца спадзявацца на надыдход лепшых часоў, кажа ён.

Вандалы наведвалі "віцебскія Курапаты" і раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі