Мы простыя людзі — ворагаў у нас няма: у Драгічыне ноччу згарэлі 4 машыны

Аўтамабілі, якія згарэлі ў Драгічыне / фота чытачоў Еўрарадыё
Аўтамабілі, якія згарэлі ў Драгічыне / фота чытачоў Еўрарадыё

У Драгічыне ўночы на 9 верасня згарэлі адразу чатыры аўтамабілі. У сацсетках адразу з'явілася інфармацыя, што хтосьці спецыяльна падпаліў машыны міліцыянераў, якія ўдзельнічалі ў задушэнні мірных акцый пратэсту 9–11 жніўня.

Але, як удалося даведацца Еўрарадыё, згарэлыя аўтамабілі не належаць супрацоўнікам Драгічынскага РАУС.

Адзін з уладальнікаў згарэлага аўтамабіля — 53-гадовы Міхаіл К., рабочы Драгічынскай ЖКГ. На мінулых выбарах ён уваходзіў у выбарчую камісію. Яго жонка пацвярджае, што іх аўтамабіль VW пацярпеў у пажары.

— Машына новая — 2015 года. Усё было спраўна. Вось недзе прыкладна месяц таму прайшлі тэхагляд.

— Гэта мог быць падпал?

— Мы простыя людзі — нікому не вінныя грошай, ворагаў у нас няма...

— Але ваш муж быў сябрам выбарчай камісіі. Можа, гэта неяк звязана?

— Так, быў, але іх жа тысячы па ўсёй краіне. Не думаю, што ў гэтым можа быць прычына.

Жанчына ўдакладняе, што да органаў унутраных спраў мае дачыненне толькі адзін з уладальнікаў згарэлых аўто.

— Гэта машыны нашых суседзяў, яны простыя грамадзяне, — расказвае жанчына. — Адзін дальнабойшчык, адзін таксама рабочы дзесьці, адзін былы міліцыянер, але ўжо даўно, гадоў пяць, не працуе.

Аўтамабіль былога супрацоўніка праваахоўных органаў пацярпеў менш за ўсё. Пажар пачаўся з аўтамабіля Міхаіла К. Яго прычыну цяпер устанаўліваюць следчыя.

МУС таксама абверг версію з помстай міліцыянерам: "Фантазёры дадумалі, астатнія паверылі, мы праверылі — міліцыянеры ніякага дачынення да згарэлых аўтамабіляў не маюць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі