На фоне падпісання "гістарычнага дакумента" абваліўся экспарт Беларусі ў Кітай

Сцяг Кітаю

Сцяг Кітаю

Падчас візіту кітайскага прэм'ер-міністра Лі Цяна ў Беларусь чыноўнікі не скупіліся на гучныя заявы. Лукашэнка так і ўвогуле аб'явіў пра падпісанне "гістарычнага дакумента" — "Пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый".

Праўда, не зразумела, як гэты дакумент дапаможа развіваць беларуска-кітайскія адносіны. Якія, трэба сказаць, робяцца ўсё менш выгаднымі для Беларусі. Бо па выніках студзеня-чэрвеня 2024 года тавараабарот з Кітаем да аналагічнага перыяду мінулага года абваліўся на 13,2% — да 3,9 млрд даляраў.

А галоўнае ў гэтым, што пры росце імпарту з Кітая (2,9 млрд долараў) рэзка прасеў беларускі экспарт. За паўгоддзе ён скараціўся на 37,2% (да 994,9 млн. долараў). У выніку адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Кітаем наблізілася да 2 млрд долараў.

"Мінус" сёлета ўтварыўся амаль па ўсіх ключавых таварных групах.

Па выніках студзеня-траўня пастаўкі Беларуссю калійных угнаенняў у Кітай склалі 393 млн долараў. У грашовым выяўленні гэта амаль на 50% менш, чым у мінулым годзе. Галоўнай прычынай праблемы ў гэтым сектары з'яўляецца абвал сусветных цэн на гэты від прадукцыі. Дабраць да леташняга ўзроўню не атрымаецца нават істотным нарошчваннем аб'ёмаў экспарту.

Прыкметнае прасяданне назіраецца і па харчаванні, якое адносна нядаўна ператварылася ў важны складнік беларускага экспарту ў Кітай. Напрыклад, закупкі ім айчыннага рапсавага алею ў першым паўгоддзі 2024 года скараціліся больш як у два разы — са 130 да 45 млн долараў. Упалі і адгрузкі мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі — з 172,2 млн да 94,4 млн долараў. Не такія значныя, але мінусы з'явіліся па замарожанай ялавічыне, малочнай сыроватцы і згушчаным малаку і вяршкам, заўважаюць "Беларусы і рынак".

Але затое Лі Цян перадаў Лукашэнку прывітанне ад Сі Цзіньпіна!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі