На Магілёўшчыне перакапалі і завалілі невялікія аб'язныя дарогі ў Расію
Па некаторых дарогах цяпер праехаць немагчыма / Ілюстрацыйнае фота mchs.gov.by
Сілавікі спрабуюць не дапусціць безкантрольнага ўезду транспарту ў Беларусь з боку РФ. Як піша @motolkohelp, некалькі дзён таму ў Магілёўскай вобласці перакапалі ці завалілі дрэвамі дробныя аб'язныя дарогі на мяжы, якія ў асноўным выкарыстоўвалі мясцовыя жыхары. Як вядома, 5 траўня стала вядома, што РБ уводзіць часовы памежны кантроль на мяжы з Расіяй. На шасці асноўных уездах у нашу краіну з боку РФ правяраюцца дакументы ў кіроўцаў і транспарт, утварыліся аўтамабільныя чэргі. Відаць, фіксаваліся спробы праезду праз мяжу па дробных дарогах, таму было вырашана гэтага не дапусціць.
Па звестках @flagshtok, беларускія памежнікі ўзмацнілі кантроль на мяжы з Расіяй. Грамадзян, якія ёсць у спісах сілавікоў, выклікаюць на размовы, задаюць пад запіс на відэакамеру пытанні, датычныя пратэснай тэматыкі. Таксама патрабуюць тэлефоны для агляду. Падобнае ўжо даўно адбываецца на межах Беларусі з краінамі ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.