Беларусь увяла часовы кантроль на мяжы з Расіяй

Так выглядае 5 траўня мяжа Беларусі і Расіі / фота відавочца, zerkalo.io
Так выглядае 5 траўня мяжа Беларусі і Расіі / фота відавочца, zerkalo.io

На мяжы Беларусі і Расіі ўвялі часовы памежны кантроль. У тых, хто едзе ў Беларусь, правяраюць пашпарты. Гэтую інфармацыю журналістам сайта "Зеркало" пацвердзілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

5 траўня ў тг-каналах сталі з'яўляцца паведамленні, што з беларускага боку на мяжы з Расіяй ставяць нешта кшталту кантрольных пунктаў. Такія звесткі прыходзілі з Гомельшчыны (там прапускны пункт заўважылі каля Добруша) і Віцебшчыны (там абсталёўвалі мяжу каля Лёзна і на трасе М1).

У Памежным камітэце патлумачылі наконт кантролю: "На выездзе няма, гэта на ўезд. Згодна з заканадаўствам аб органах памежнай службы, на ўездзе ў Рэспубліку Беларусь цяпер будзе весціся праверка дакументаў".

Супрацоўніца Памежнага камітэта дадала, што гэта часовая мера.

На гарачай лініі Памежнага камітэта ўдакладнілі, што такі кантроль будзе весціся на шасці асноўных уездах з Расіі. Яго патлумачылі неабходнасцю выканання ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй.

Калі скончыцца кантроль, у ДПК не ведаюць. Кажуць: "Да асаблівага распараджэння".

Між тым у тэлеграм-каналах пішуць, што на мяжы ствараюцца аўтамабільныя чэргі. Так, на трасе паміж Лёзнам і Рудняй да прапускнога пункта стала чарга на некалькі кіламетраў — да вёскі Круглоўка. Асабліва старанна правяраюць расіян.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі