Мужчыну, які ў 1997-м расстраляў з аўтамата гомельскую сям'ю, асудзілі ў Расіі

Аўтамат, ілюстрацыйнае фота

Аўтамат, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Расіі па матэрыялах беларускага боку асудзілі мужчыну па справе аб забойстве сям'і ў Гомелі, учыненым амаль 30 гадоў таму, паведамляе Генпракуратура.

Жыхар Гомеля ў 1997-м расказаў абвінавачаму пра свой удзел у фінансавай піраміды. Ад гэтага ён атрымаў даход у рознай валюце, а таксама ў выглядзе ювелірных упрыгожванняў. Знаёмец паквапіўся на гэты прыбытак і сабраў злачынную групу, куды ўвайшлі яшчэ два чалавекі. Яны ўзброіліся аўтаматам Калашнікава АКС-47 калібра 7,62 і нажом, а таксама набылі аўтамабіль.

Нападнік загадзя дамовіўся пра сустрэчу з сваёй ахвярай. "Увечары 4 снежня 1997 года гаспадар, не падазраючы аб супрацьпраўным намеры абвінавачанага, адкрыў яму дзверы — злачынная група пранікла ў кватэру. Затым абвінавачаны на вачах у жонкі і 4-гадовага дзіцяці зрабіў не менш за чатыры стрэлы ў галаву мужчыну. У гэты час двое іншых саўдзельнікаў абматалі скотчам твар жонкі. Пасля чаго зрабілі не менш за 10 стрэлаў у жанчыну і малалетняга хлопчыка", — паведамляюць у пракуратуры.

Зламыснікі забралі ювелірныя ўпрыгожванні і грошы забітай сям'і — больш за 145 мільёнаў рублёў у беларускіх грашах 1997 года.

Падчас злачынства адзін з нападнікаў атрымаў траўму: аўтаматны затвор моцна траўмаваў яму руку, і кроў засталася на лесвічнай пляцоўцы каля кватэры загінулых. Пошук злачынцаў па гэтых слядах вёўся з таго часу.

У 2021 годзе стала вядома, што мужчына забіў у Расіі яшчэ двух чалавек і адбывае пакаранне ў лячэбна-прафілактычнай установе ў Омскай вобласці. Беларуская Генпракуратура перадала ў Расію матэрыялы крымінальнай справы — і суд у Краснадары прысудзіў яму 25 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі