Кіраўнік Татарстана прапануе адправіць татараў галасаваць за Лукашэнку
Рустам Мініханаў
Кіраўнік Татарстана (рэгіён у Расіі) Рустам Мініханаў прапануе адправіць татараў галасаваць на "выбарах" за Аляксандра Лукашэнку.
Жартаўлівая прапанова прагучала ў Казані 19 снежня. У гэты дзень гендырэктар Мінскага аўтазавода Валерый Іванковіч прыехаў урачыста перадаць Казані 39 тралейбусаў МАЗ. Падчас цырымоніі Іванковіч уручыў Мініханаву "залаты ключ" як сімвал перадачы транспарту. А кіраўнік Татарстана пажартаваў пра будучыя "выбары" Лукашэнкі.
"У вас там выбары прэзідэнта. Майце на ўвазе — добра прагаласаваць трэба. Калі трэба, мы з'ездзім таксама прагаласуем", — звярнуўся ён да Іванковіча.
Дырэктар МАЗа ў адказ паведаміў, што асабіста ён адказвае за 26 выбарчых камісій: "У нас Мінскі аўтамабільны завод заўсёды за прэзідэнта, заўсёды падтрымлівае".
Таксама Мініханаў назваў Лукашэнку блізкім чалавекам і старэйшым таварышам. Уласны жарт пра галасаванне яму настолькі спадабаўся, што ён яго яшчэ раз паўтарыў: "Скажы, што татары гатовыя ўзяць адмацавальныя талоны, прыехаць, аддаць свае галасы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.