"Беларускі" ўчастак каля Сочы прадалі кампаніі экс-ахоўніка Лукашэнкі
"Беларускі" ўчастак каля Сочы
Уладальнікам участка каля Сочы, які належаў Беларусі, але быў прададзены за вельмі нізкую цану, стаў чалавек, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Гэта высветлілі журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ).
Паводле іх звестак, новым уладальнікам участка ў Краснай Паляне стаў Аляксандр Раманоўскі — былы супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі.
Гаворка ідзе пра ўчастак тэрыторыяй 9,7 га ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна. Паводле БРЦ, у 2021 і 2022 гадах Лукашэнка двума сакрэтнымі ўказамі загадаў перадаць зямлю расійскай кампаніі "Комплекс-Інвест". Як высветліў BELPOL, цана за ўчастак была вызначаная ў 20 разоў ніжэйшай за рынкавы кошт.
"Беларусь магла страціць на гэтай угодзе блізу 100 мільёнаў долараў. У лютым 2024 года 99,9% "Комплекс-Інвест" купіў грамадзянін Беларусі Аляксандр Раманоўскі", — заяўляюць у БРЦ.
Як расказвала Еўрарадыё, нядаўна стала вядома, што Раманоўскаму належыць участак 20 гектараў у Абхазіі. Перадача ўчастка адбылася пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію ў верасні 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.