Рэжым Лукашэнкі плануе адкрыць пасольства ў Ватыкане
Швейцарскія гвардзейцы ў Ватыкане
Рэжым Лукашэнкі падчас рэпрэсій у Беларусі плануе адкрыць пасольства ў Ватыкане. Дагэтуль яго не было. Абавязкі паслоў выконвалі беларускія дыпламаты ў іншых краінах ці міжнародных арганізацыях па сумяшчальніцтве.
Як паведамляе pravo.by, урад прыняў пастанову пра адкрыццё пасольства 20 снежня. Дакумент пачне дзейнічаць з аўторка, ён пакуль не апублікаваны.
"Адкрыццё пастаяннага пасольства хоць і запатрабуе значных фінансавых укладанняў на ўтрыманне, аднак можа акупіцца магчымасцю больш актыўнага ўзаемадзеяння паміж рэжымам Лукашэнкі і Ватыканам", — піша тг-канал "Хрысціянская візія".
"Абсалютна перакананы, што хутка гэта будзе — Еўропа адкрыецца для нас", — самаўпэўнена заявіў у панядзелак Аляксандр Лукашэнка. Відаць, ён па-ранейшаму спадзяецца на адмену заходніх санкцый, уведзеных супраць РБ і РФ. А тыдзень таму, віншуючы Папу Рымскага з днём нараджэння, Лукашэнка запрасіў яго ў Беларусь.
Адначасова з боку Ватыкана чакаецца прызначэнне ў Беларусь новага апостальскага нунцыя (пасада вакантная некалькі месяцаў пасля пераводу ў іншую краіну арцыбіскупа Антэ Ёзіча). Мяркуецца, што прызначаць дыпламата, які мае досвед працы ў краінах з аўтарытарнымі рэжымамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.